Беларуская Служба

У Віцебску адбудзецца першы суд па крымінальнай справе супраць пратэстоўцаў

28.10.2020 07:54
Прычыніў фізічны боль і збіццё міліцыянту – у Віцебску будуць судзіць 46-гадовага ўдзельніка пратэстаў, які нібыта ўдарыў аднаго з сілавікоў 6 верасня.
Аўдыё
  • У Віцебску адбудзецца першы суд па крымінальнай справе супраць пратэстоўцаў
Пратэсты ў БеларусіPAP/EPA/STR

Гарадская пракуратура перадала ў суд Кастрычніцкага раёна крымінальную
справу ў дачыненні да віцябляніна, якога вінавацяць у здзяйсненні гвалту
і пагрозе гвалтам да службовай асобы, што выконвала службовыя абавязкі
па ахове грамадскага парадку і спыненню парушэнняў права.

Паводле матэрыялаў гэтай крымінальнай справы, мужчына браў удзел у маршы па
вуліцах Віцебска, які адбыўся 6 верасня. Падчас гэтай акцыі сілавікі
ўжылі слезацечны газ. Аднак у кіраванні ўнутраных спраў тады заявілі,
што пратэстоўцы самі распылілі газ пры спробе затрымання невядомага,
які «здзейсніў удар у вобласць галавы» супрацоўніку міліцыі.

Пракуратура Віцебска, вывучыўшы матэрыялы гэтай крымінальнай справы,
палічыла, што ўсе акалічнасці злачынства аб'ектыўна даследаваны, а
высунутае абвінавачанне па частцы 1 артыкула 366 КК – абгрунтаванае,
паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Віцебскай вобласці.

Віцябляніну пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Для Беларускай службы Польскага радыё з Віцебску Святаслаў Бруйко