Беларуская Служба

У нядзелю 29 лістапада па ўсёй Беларусі прайшлі «Маршы суседзяў»

29.11.2020 16:26
Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў спіс 206 затрыманых. 
 , 29.11.2020
"Марш суседзяў", 29.11.2020 МінскТК-Наша Ніва

У розных мікрараёнах Мінска адбылося каля 60 шэсцяў пратэсту. У іх узялі ўдзел некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Найбольшыя шэсці, з удзелам некалькіх тысяч жыхароў кожнае, адбыліся ў Дамброўцы і на Захадзе. Масавыя шэсці адбыліся таксама на Паўднёвым Захадзе, ва Уруччы і на Партызанскім праспекце.

У Зялёным Бары жыхары акружылі АМАПаўцаў. Тыя распылілі ў твар пратэстоўцаў газ і стралялі – паведамляюць ТК.

Аднак і пасля гэтага людзі не разбегліся, крычалі на сілавікоў, пакуль яны не з'ехалі.

Сілавікі нязменна жорстка разганялі дэманстрантаў. Ужывалі святлошумавыя прылады.

ТК змяшчаюць відэазапіс затрымання і збіцця да непрытомнасці маладога чалавека, паказваюць як хуткая падʼехала да аўтазака.

Затрымлівалі не толькі маладых. Інтэрнэт абабеглі фота, на якім сілавікі ўцягваюць пажылога мужчыну з цыгарэтам і пакетам. Відавочцы дамагаліся вызвалення мужчыну.

На вуліцы Рафіева ў Мінску затрымлівалі жанчын. Сілавікі зладзілі хапун у дварах.

Затрыманні адбываліся па ўсёй Беларусі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў спіс 206 затрыманых. Спіс папаўняецца. Сярод затрыманых выбітны эканаміст, член Каардынацыйнай рады Дзмітрый Крук і актрыса Алена Гіронак (Пабягаева), выканаўца галоўнай жаночай ролі ў фільме «Купала».

Акцыі пратэсту адбыліся ў некалькіх дзясятках лакацый Брэста,Гродна, Гомеля, Магілёва, Віцебска, у Жодзіне, Смалявічах, Дзяржынску, Бараўлянах, Радашкавічах, Ляхавічах, Пружанах і  іншых гарадах і пасёлках. Жыхарам Лагойска не давалі гуляць пад бел-чырвона-белымі парасонамі, нягледзячы на мокрае надворʼе.

яс/паводле ТК «Нашай нівы»