Беларуская Служба

Дзіцячы хоспіс праз суд пазбаўляюць памяшкання

02.12.2020 15:40
Суддзя прапанаваў бакам дамовіцца, каб не выносіць рашэння, але адвакат на гэта не пагадзілася.
Здымак мае ілюстрацыйны характарParentingupstream/pixabay.com/CC0 Public Domain

У Гродзенскім абласным Эканамічным судзе пачаўся разгляд пазову камбіната школьнага харчавання да дзіцячага хоспісу святога Губерта. Суддзя прапануе вырашыць спрэчку замірэннем.

Пазоўнік, камбінат школьнага харчавання, патрабуе датэрмінова вызваліць памяшканне і выплаціць штраф за нібыта пратэрмінаваную арэнду.

У судзе адсутнічае дырэктарка Вольга Вялічка, якая пасля пераследу за актыўную грамадскую пазіцыю з сям’ёю вымушана была з’ехаць у Літву.

Яе адвакат давяла суду, што ў хоспісе арыштаваныя ўсе дакументы і яна не можа прадставіць неабходныя плацёжкі па аплаце арэнды.

Суддзя прапанаваў бакам дамовіцца, каб не выносіць рашэння, але адвакат на гэта не пагадзілася.

Праваабаронца Раман Юргель звяртае ўвагу на тое, што арэндадаўца імкнецца разарваць дамову датэрмінова – яшчэ раней гучалі абвінавачванні, што там нібыта шылі бел-чырвона-белыя сцягі.

«Ну я думаю нейкі ідэолаг па шапцы даў ніжэйшаму ідэолагу, а той дырэктару КШП і ўсё»...

У судзе бакі пакуль падпісалі дамову прымірэння на 14 дзён. За гэты час суд мае ўдакладніць, ці аплочваў хоспіс арэнду.

Алесь Завіноўскі, Гродна