Беларуская Служба

Жыхар Віцебска, які адштурхнуў сілавіка на маршы пратэсту, атрымаў два гады калоніі

03.12.2020 08:27
Несправядлівасць прысуду абурыла слухачоў, якія былі на паседжанні.
   6
Здымак з акцыіі 6 верасня Фота: Сяржук Серабро

Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска 2 снежня вынес прысуд Андрэю Цімафеенку, якога вінавацілі ў гвалце над вайскоўцам унутраных войскаў на маршы пратэсту 6 верасня. Суд прызначыў пакаранне – 2 гады ў калоніі агульнага рэжыму.

Андрэй Цімафеенка заяўляў, што не ўжываў гвалту да вайскоўца і ў яго не было прычын помсціць яму. Людзі былі абураны несправядлівым прысудам. Прысутныя адзначылі, што на відэа – нават не штуршок вайскоўца, а адсоўванне. Тым больш, што справакавалі гэтыя дзеянні самі вайскоўцы.

Слухачы лічаць працэс палітычна матываваным. Гэта першая крымінальная справа ў Віцебску падобнага роду і дадзены судовы разбор быў паказальным.

Напомнім, што за гвалт і катаванні над мірнымі грамадзянамі з боку сілавых структур не было ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск