Беларуская Служба

У Гродне судзяць паплечнікаў Ціханоўскага

19.01.2021 09:00
Дзмітрыя Фурманава, Уладзіміра Кнігу, Яўгенія Разнічэнку вінавацяць у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Аўдыё
  • У Гродне судзяць паплечнікаў Ціханоўскага
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock/icedmocha

У Гродне 18 студзеня пачаўся першы судовы працэс «у справе Ціханоўскага». Дзмітрыя Фурманава, Уладзіміра Кнігу, Яўгенія Разнічэнку вінавацяць у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Па справе праходзіць чатырох пацярпелых міліцыянераў.

Справа датычыць падзей 29 мая, якія адбыліся ў цэнтры Гродна падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую.

Тады ўся краіна ў сацсетках пабачыла, як невядомая жанчына хапала за куртку Сяргея Ціханоўскага, як па невядомых прычынах на зямлю ўпаў міліцыянер. Праўда, тады 15 чалавек былі затрыманыя АМАПам.

Цяпер напачатку судовага працэсу адзін з пацярпелых міліцыянераў – Казлоўскі заявіў іск кампенсацыі маральнай шкоды, які ацаніў у 8 тысяч рублёў.

У першы дзень судовага разгляду пракурор Мікіта Мыслівец зачытаў абвінавачванні для ўсіх траіх паасобку.

Ніхто з падсудных сваю віну не прызнае. Бацька Дзмітрыя Фурманава аднак у адчаі заўважыў:

«Я зразумеў, што ўсё ўжо вырашана і гэта папросту судзілішча для галачкі. Бо Дзіма ні ў чым не вінаваты. Ніякага ўдзелу ў тым, што яны расказалі, ён не браў».

Алесь ЗАВІНОЎСКІ