Беларуская Служба

У Слоніме маці ў дэкрэце атрымала год "хатняй хіміі" за абразу міліцыянта

24.01.2021 10:23
Кацярыну Салевіч вінавацілі ў тым, што 25 жніўня яна наўмысна публічна абразіла прадстаўніка ўлады ў тэлеграм-канале "Слонім для жыцця". 
Здымак мае ілюстрацыйны характарspring96.org

Справу разглядаў суддзя Аляксандр Ярмолік. Ён прысудзіў Кацярыне Салевіч адзін год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Салевіч таксама абавязана выплаціць "пацярпеламу" 1000 рублёў маральнай кампенсацыі, а таксама 87 рублёў дзяржпошліны.

Кацярыну Салевіч вінавацілі ў тым, што 25 жніўня яна наўмысна публічна абразіла прадстаўніка ўлады ў тэлеграм-канале "Слонім для жыцця". Пацярпелым прызнаны міліцыянт АМАП ГУУС Мінгарвыканкама старшы сяржант міліцыі Сяргей Асколкаў, фатаграфію і асабістую інфармацыю якога яна рэпостнула. Паводле матэрыялаў следства, пад рэпостам дзяўчына размясціла паведамленне "з тэкстам абразлівага зместу, якія прыніжае гонар і годнасць Асколкава".