Аб падрыхтоўцы да святкавання сто трэціх угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі паведамілі прадстаўнікі некалькіх палітычных плыняў. Паводле інфармацыі ад сацыял-дэмакратаў, ідзе няпростае абмеркаванне фармату і спіску ўдзельнікаў святкавання, ужо адбылася сустрэча зацікаўленых.
Грамадская арганізацыя БНФ «Адраджэнне» працуе над дамовамі на паслугі хуткай дапамогі, камунальных службаў і міліцыі. Гэта прамежкавы крок перад падачай заявы ў Мінскі гарвыканкам. Дамову з хуткай ініцыятары святкавання ўжо маюць.
Тым часам Святлана Ціханоўская заклікала ўсіх беларусаў рыхтавацца да святкавання Дня волі, мабілізаваць пратэстны дух і планаваць вяртанне на вуліцы ўласных гарадоў.
Святкаванне 100-годдзя БНР у 2018 годзе была найбольш масавым на той час, праз год поспех не паўтарыўся, а ў 2020 святкаванне адмянілі з-за каронавірусу.
Сёлета Дзень Волі 25 сакавіка – першая вясенняя нагода для беларусаў зноў сабрацца разам пасля масавых пратэстаў, што працягваліся з лета да пачатку студзеня.
Спецыяльна для Беларускай службы Польскага радыё, Анатоль Шырвель, Мінск.