Беларуская Служба

Прысуд па справе сябры ініцыятыўнай групы Ціханоўскай з Мазыра: 5 год калоніі ўзмоцненага рэжыму

03.03.2021 17:09
Суд над палітзняволеным Русланам Парфёнавым праходзіў у закрытым рэжыме.
Прысуд Руслану ПарфёнавуФота: Палеская Вясна

У судзе Мазырскага раёна 3 сакавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе палітзняволенага Руслана Парфёнава. Яму прад’яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 (Удзел у масавых беспарадках). Справу разглядаў суддзя Анатоль Стрэльчанка, паведамляе Вясна.

Сябра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай з Мазыра, Руслан Парфёнаў быў затрыманы 6 жніўня, а назаўтра адміністрацыйна арыштаваны на 10 сутак. Пасля адбыцця пакарання быў затрыманы ізноў, у межах крымінальнай справы. Пераведзены ў Мінскі СІЗА-1. Прызнаны палітычным зняволеным.

17 жніўня Руслан Парфёнаў выйшаў з ІЧУ, адбыўшы адміністрацыйнае пакаранне, а 19 жніўня яго затрымалі зноў. З таго часу ён утрымліваўся ў Мінску ў ізалятары № 1 на вуліцы Валадарскага.

На тэлеканале ОНТ паказалі сфальсіфікаваны сюжэт, у якім Руслана Парфёнава з Мазыра абвінавацілі нібыта ў вырабе нейкіх «вожыкаў» для спынення транспарту. Пры гэтым у ролі Парфёнава паказалі зусім іншага чалавека, нават вонкава не падобнага на сапраўднага Руслана.

Суд над палітзняволеным Русланам Парфёнавым праходзіў у закрытым рэжыме.
17 лютага на працэсе адбыліся судовыя спрэчкі, пракурор запрасіў для Руслана 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі.

На 3 сакавіка на 10 гадзінаў было прызначана абвяшчэнне прысуду. Але а 10-й гадзіне на паседжанне нікога не пускалі, хаця каля залы суда сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Пазней высветлілася, што ў гэты час Руслан Парфёнаў гаварыў апошняе слова, паведамляе «Палеская Вясна».

Сёння вынесены прысуд – пяць год пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Металічныя вырабы ў форме «вожыкаў» суд пастанавіў знішчыць.

ав