Беларуская Служба

Мінчанка адсудзіла 500 рублёў кампенсацыі за незаконныя «суткі»

04.03.2021 12:57
Падставай для заявы ў суд сталі жорсткія ўмовы ў зняволенні.
Аўдыё

Жыхарка Мінска адсудзіла 500 рублёў за незаконныя 6 сутак, якія ёй давялося адседзець па адміністрацыйнай справе. У жанчыны ёсць непаўналетняе дзіця, і яе не маглі пакараць арыштам, паведамляюць «Моцныя навіны».

Мінчанку затрымалі на «жаночым маршы» ў верасні. Яе прысудзілі да 9 сутак арышту, нягледзячы на тое, што ў жанчыны было непаўналетняе дзіця. Пасля прысуду яна правяла два дні на Акрэсціна і чатыры дні ў СІЗА Жодзіна. Толькі пасля гэтага ёй удалося перадаць запіску мужу і звязацца з адвакатам, які абскардзіў рашэнне суда. На другім пасяджэнні прысуд змянілі на папярэджанне.

Пазней жанчына звярнулася ў суд і запатрабавала кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 5 тыс. рублёў. Хоць ёй і было кампенсавана ў 10 разоў менш заяўленай сумы, яна лічыць гэта перамогай.

Падставай для заявы ў суд сталі жорсткія ўмовы ў зняволенні. Яна распавядала, што ў камеры адключалі ваду і забіралі матрацы, крычалі, пагражалі сабакамі і запалохвалі.

вс