Беларуская Служба

Святлану Ціханоўскую не выдадуць Лукашэнку

05.03.2021 13:01
Літоўскі міністр замежных спраў пракаментаваў запыт аб экстрадыцыі былой кандыдаткі ў прэзідэнты.
Міністр замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергісhttps://twitter.com/LithuaniaMFA

Беларуская пракуратура паведаміла, што накіравала запыт уладам Літвы. Кіраўнік літоўскай дыпламатыі Габрыелюс Ландсбергіс абвясціў, што яго краіна не будзе перадаваць Ціханоўскую рэжыму ў Мінску.

- Хутчэй пекла замерзне, чым Літва пачне ўлічваць патрабаванні Лукашэнкі ды яго памагатых. Літва прывітала многіх дэмакратаў, якія ратаваліся ад пераследу, і мае намер рабіць гэта ў будучыні. Літва была, ёсць і будзе прытулкам для тых, хто змагаецца за свабоду слова, сумлення і, наогул, для ўсіх грамадзян свету, якія змагаюцца за свабоду.

Генеральная пракуратура Літвы адмовілася ад каментароў. Святлана Ціханоўская была вымушана пакінуць Беларусь пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня мінулага года. Лідарка апазіцыі з'ехала ў Літву, куды раней перавезлі яе дзяцей.

Цяпер Генеральная пракуратура Беларусі хоча прыцягнуць Святлану Ціханоўскую да крымінальнай адказнасці за злачынствы супраць грамадскай бяспекі і дзяржавы.

ПР/юл