Беларуская Служба

Пачаліся пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў праз Расію

07.03.2021 08:43
Першы састаў прыбыў на тэрыторыю Расеі раніцай 6 сакавіка.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneQiuJu Song/Shutterstock.com

У расійскія марскія парты пачалі пастаўляць беларускія нафтапрадукты. Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства транспарту Расіі.

«Для перавалкі ў тэрмінале ТАА «Портэнерго» (марскі порт Усць-Луга) адпраўлена больш за 5 тысяч тон беларускага бензіну. Першы састаў прыбыў на тэрыторыю Расеі раніцай 6 сакавіка. Чакаецца, што 9 сакавіка ён прыбудзе ў тэрмінал «Портэнерго». Адпраўнікам выступіў Мазырскі НПЗ», – гаворыцца ў паведамленні.

У ведамстве ўдакладнілі, што 6 сакавіка з Мазырскага НПЗ таксама адгружаная партыя мазуту аб’ёмам 3,6 тысяч тон з перавалкай у Санкт-Пецярбурскі нафтавы тэрмінал.

Пастаўкі адбыліся адпаведна падпісанаму 19 лютага міжурадаваму пагадненню аб арганізацыі перавалкі беларускіх нафтапрадуктаў праз расейскія марскія парты. Дакумент прадугледжвае перавалку амаль 10 млн тон грузаў у 2021-2023 гадах. Гэта мазут, бензін, газойль і г.д.

Раней такая перавалка ішла пераважна праз парты краін Балтыі, але ў адказ на санкцыі Еўразвязу Аляксандр Лукашэнка загадаў перанакіраваць усю плынь на Расію.

svaboda.org/эж