Беларуская Служба

У Гомлі судзяць давераных асоб С. Ціханоўскай

12.04.2021 12:23
Максімальнае пакаранне паводле часткі 2 артыкула 293 КК – восем гадоў пазбаўлення волі.
Святлана Ціханоўскаяtsikhanouskaya.org

12 красавіка суд Чыгуначнага раёна Гомля пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Таццяны Канеўскай, Дзмітрыя Івашкова, Юрыя Уласава і Аляксандра Шабаліна.

Усе яны на мінулых прэзідэнцкіх выбарах былі даверанымі асобамі Святланы Ціханоўскай – праводзілі збор подпісаў і агітацыйныя пікеты. Іх затрымалі 6-8 жніўня. Ім прад'явілі абвінавачванне ў «масавых беспарадках» (частка 2 артыкула 293 КК) і «захопе будынкаў» (частка 1 артыкула 292 КК). А Юрыя Уласава таксама ў абразе прадстаўніка ўлады (частка 1 артыкула 369 КК).

Па дзяржаўным тэлебачанні быў паказаны сюжэт пра тое, што гэтыя давераныя асобы абмяркоўвалі са Святланай Ціханоўскай «захоп выканкама» у Гомлі.

На суд прыйшлі каля сарака жыхароў Гомля, але пусцілі на пасяджэнне толькі па адным прадстаўніку ад семʼяў абвінавачаных. Недзяржаўных журналістаў у суд не пусцілі з-за «недахопу месцаў у зале» і «эпідэміі каранавіруса». Разам з тым на пасяджэнне пусцілі журналістаў «Гомельскай праўды» і Беларускага тэлебачання.

Сваякоў прымусілі пакінуць у спецыяльнай ячэйцы свае мабільныя тэлефоны. Каля суда дзяжурыць АМАП. Людзям не дазваляюць здымаць нават у холе будынку.

Максімальнае пакаранне паводле часткі 2 артыкула 293 КК – восем гадоў пазбаўлення волі.

Навіны/нг