Беларуская Служба

26 гадоў таму ў Беларусі адбыліся падзеі, якія далі пачатак аўтарытарнаму рэжыму

12.04.2021 18:20
Сілаю была спыненая галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету ад Беларускага Народнага Фронту, якія пратэставалі супраць рэферэндуму.
Галадоўка дэпутатаўкрыніца: Сяргей Навумчык "Дзевяноста пяты" рэд. Аляксандар Лукашук, маст. Генадзь Мацур. — Вашынгтон: Радыё «Свабода», 2015

26 гадоў таму, у ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года, адбыліся падзеі, якія сталі пачаткам аўтарытарнай улады ў Беларусі. Сілаю была спыненая галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету ад Беларускага Народнага Фронту, якія пратэставалі супраць рэферэндуму, ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам. На галасаванне было вынесена чатыры пытанні.

Дэпутаты, якія аб’явілі галадоўку супраць рэферэндуму, былі збітыя і сілаю выкінутыя з Вярхоўнага Савету.

На думку аднаго з удзельнікаў тых падзей, гісторыка, былога дэпутата Валянціна Голубева, для прэзідэнта самым важным было пытанне аб магчымасці распусціць парламент.

- «Ці згодныя Вы, што Прэзідэнт Беларусі мае права, у выпадку парушэння законаў ці Канстытуцыі дэпутатамі, распусціць вярхоўны Савет?». Гэта быў пачатак усталявання аўтарытарнага ці асабістага рэжыму ў краіне. А пытанні сімволікі, мовы, узаемаадносін з Расіяй – яны былі другасныя.

Валянцін Голубеў кажа, што пасля гэтага кіраўнік краіны пачаў змяняць пад сябе Канстытуцыю. Ужо наступныя парламенцкія выбары 1996 году былі недэмакратычныя, і менавіта з таго часу ў беларускі парламент не прапускаюць прадстаўнікоў апазіцыі.

Пісьменнік Васіль Быкаў адразу пасля падзеяў 11–12 красавіка заявіў: «Ужо ясна, што ў Беларусі не будзе парламенту, не будзе дэмакратычных выбараў, знікнуць рэшткі свабоднай прэсы».

нг