Беларуская Служба

Гродзенская пракуратура назвала экстрэмісцкім тэлеграм-канал «Гродна 97%»

20.04.2021 09:01
Гэта ўжо пяты за гэты месяц рэгіянальны канал, які ўлады вырашылі блакаваць з-за пратэстнага зместу.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com

Пракуратура прааналізавала, а суд вынес прыгавор: інфармацыйная прадукцыя пабліка з лагатыпам «Гродна 97%» павінна называцца экстрэмісцкай.

Пракуратура кажа, што адміністрацыя канала не прадухіліла публікацыі заклікаў да блакіравання руху на аўтадарогах і чыгунцы, заклікаў да забастоўкі, мітынгаў і масавых беспарадкаў. Яшчэ пракуроры ўгледзелі заклікі да гвалту ў дачыненні да міліцыянераў.

Цяпер тэлеграм і матэрыялы з яго збіраюцца блакаваць.

Літаральна некалькі дзён таму МУС Беларусі паведаміла, што суд у Магілёве прызнаў экстрэмісцкімі рэгіянальныя тэлеграм-паблікі »Магілёў 97%», «Бабруйск 97%», «Асіповічы для жыцця» і «Бульвар няскораных». Склад злачынства ім сфармулявалі такі ж як і ў тэлеграм-канала з Гродна.

За публікацыю і рэпост інфармацыі з названых 5 каналаў могуць аштрафаваць альбо пасадзіць пад арышт.

Самае дзіўнае, што ўсе гэтыя захады ўлады робяць на тле пераконвання грамадскасці дзяржаўнымі СМІ, што пратэсты скончыліся. Чаго тады баяцца інфармацыі ў нейкіх там пабліках?

Казімір Шчадковіч, Мінск