Беларуская Служба

Пракурор просіць пакараць палітзняволенага барабаншчыка з гурта «Патрабуем разысціся» 6 гадамі калоніі

08.05.2021 13:24
30-гадовага Аляксея Санчука ў судзе Маскоўскага раёна Мінска судзяць ужо трэці тыдзень.
Аляксей СанчукФота з сацсетак

Яго абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя, падрыхтоўка дзеянняў, актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 293 (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках) і арт. 13 ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).

7 траўня на працэсе палітвязня адбыліся судовыя спрэчкі. Пракурор Яўген Серакоў папрасіў суддзю Таццяну Пірожнікаву пакараць Санчука шасцю гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Прысуд павінен быць абвешчаны 13 траўня.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» нагадвае, што ў лістападзе ў Мінску на рэпетыцыі сілавікі затрымалі групу барабаншчыкаў «Патрабуем разысціся», якая восенню стала адным з сімвалаў пратэстаў. Музыкаў адміністрацыйна асудзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту, але адзін з затрыманых тады – Аляксей Санчук – пасля 15-сутачнага арышту так і не выйшаў на волю. Супраць яго распачалі крымінальную справу. На «пакаяльным відэа» АНТ Аляксей пасля затрымання толькі сказаў: «Я вучыў рытм». Па словах іншых затрыманых музыкаў, пры затрыманні супрацоўнікі ГУБАЗіКа збівалі Аляксея і патрабавалі пароль ад тэлефона.

ав