Беларуская Служба

Мастак Алесь Пушкін у зняволенні заснаваў арт-суполку «Турма»

10.05.2021 12:25
Мастак прыслаў свае малюнкі на волю.
Алесь Пушкінfot. Wikipedia/Serge Serebro

Вядомы мастак Алесь Пушкін, якога затрымалі 30 сакавіка 2021 года ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну Магілёўскай вобласці, у гродзенскай турме № 1 заснаваў арт-суполку «Турма», паведамляецца на сайце «Новы час». Пушкін напісаў пра арт-суполку ў адным з лістоў на волю.

У сваім лісце ён паведаміў, што «Турма» створана для тых мастакоў, хто:

1) Сядзеў у турме
2) Жыве ў Беларусі альбо зрабіў свядомы выбар вярнуцца з эміграцыі ў Беларусь
3) Размаўляе на беларускай мове.
З-за кратаў Алесь Пушкін дасылае шмат малюнкаў на волю, у якіх распавядае пра свой быт у турме. У Instagram стварылі адмысловую старонку мастака, на якой выкладваюцца гэтыя малюнкі з апісаннем.
Сярод іншых малюнак «Затрыманне Алеся Пушкіна ў Палацы Ігнацыя Булгака, в.Жылічы, Кіраўскі раён, 30 сакавіка 2021 года а 16.45»., « Начны канвой праз усю Беларусь», «Сабакі ў турме», і іншыя.

Мастака Алеся Пушкіна падазраюць па ч.3 арт. 130 КК (распальванне варажнечы). Цяпер яго перавялі ў СІЗА-1 у Мінску. Ягоны адрас: Пушкіну Аляксандру Мікалаевічу, СІЗА-1. 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2.

яс