Беларуская Служба

Чарговы абаронца палітзняволеных з'ехаў з Беларусі

13.05.2021 13:32
Абаронца Кацярыны Барысевіч і дыджэяў Перамен Міхаіл Баднарчук з'ехаў ва Украіну.
Ілюстрацыйны здымакpixabay.com/gerald

Адвакат шэрагу палітзняволеных Міхаіл Баднарчук у канцы красавіка напісаў заяву з просьбай выключыць яго са складу Мінскай гарадской калегіі адвакатаў і зʼехаў у Кіеў, – паведамляе «Наша Ніва».

Вось што кажа пра гэта сам Баднарчук.

«Я вырашыў паставіць на паўзу адвакацкую дзейнасць, бо ёй ужо немагчыма займацца так, як я рабіў гэта раней. Па-першае, майго адвакацкага бюро, дзе я працаваў, ужо фактычна няма: адзін партнёр пазбаўлены ліцэнзіі, у другога пэўныя асабістыя праблемы.

Па-другое, на момант майго сыходу ўжо было зразумела, што будуць прыняты змены ў Закон аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці, згодна з якім можна будзе працаваць толькі ў рамках юрыдычных кансультацый і пад яшчэ большым кантролем (а фактычна – кіраваннем) Мінюста, што мяне не задавальняе», – кажа адвакат.

«Калі вярнуся? Адназначнага адказу няма. Адʼезд у любым разе часовы, але дакладных тэрмінаў я сабе не акрэсліваў, гэтак жа як і няма дакладных планаў па далейшай дзейнасці. Будзем лічыць гэта бестэрміновым творчым адпачынкам», – дадаў ён.

Баднарчук вядомы прынцыповай пазіцыяй у адстойванні прынцыпаў законнасці.
яс