Беларуская Служба

БМЗ просіць еўрапейскіх партнёраў не ўводзіць санкцыяў

13.05.2021 15:16
На Беларускім металургічным заводзе распачаты збор подпісаў пад адкрытым лістом за недапушчэнне заходніх санкцый у дачыненні да прадпрыемства.
Забастоўка на БМЗфота: Вясна

Пра гэта паведамляецца на афіцыйнай старонцы БМЗ у сацсетцы «Укантакце». 50% экспарту жлобінскага завода прыпадае на Еўропу.

У паведамленні БМЗ гаворыцца, што ў апошні час «розныя некамерцыйныя арганізацыі накіроўваюць на адрас замежных партнёраў БМЗ лісты, у якіх па надуманых прычынах заклікаюць спыніць супрацоўніцтва». У сувязі з гэтым работнікі БМЗ звяртаюцца з адкрытым лістом да «замежных партнёраў, удзельнікаў міжнароднага прафсаюзнага руху, прадстаўнікоў краін Еўрапейскага Саюза і іншых дзяржаў».

- Мы рашуча супраць таго, каб нас выкарыстоўвалі як сродак у дасягненні нечых палітычных мэтаў, асабліва калі гэта спалучана з пагрозамі эканамічнай устойлівасці прадпрыемства, – гаворыцца ў лісце.

Сёння на БМЗ працуе звыш 11 тысяч чалавек, адзначылі аўтары паслання.

Раней кіраўніцтва глабальнага прафсаюза IndustriALL, які прадстаўляе інтарэсы 50 мільёнаў працоўных, занятых у горназдабыўной, энергетычнай і перапрацоўчых галінах, звярнулася да генеральнага дырэктара БМЗ Дзмітрыя Корчыка з заклікам не парушаць правы рабочых і «аднавіць усіх несправядліва звольненых работнікаў, спыніць уціск і пераслед сябраў прафсаюза і зарэгістраваць ячэйку Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) на БМЗ ».

У пачатку лютага адзін з найбуйнейшых сусветных вытворцаў шын Michelin ўжо звяртаўся да кіраўніцтва БМЗ з нагоды парушэння правоў работнікаў.

яс/паводле news.tut.by