Беларуская Служба

Супраць экс-дырэктара хакейнага клуба «Лакаматыў», які выступаў супраць гвалту, завялі крымінальную справу

13.05.2021 16:03
Яўгену Мазуру пагражае пазбаўленне волі ад 3 да 10 гадоў.
.
.Antranias/pixabay.com

Як паведамляе спартыўны сайт «Трыбуна», крымінальная справа супраць колішняга трэнера звязаная з яго ранейшай працай у хакейным клубе «Лакаматыў».

«Паводле маёй інфармацыі, Следчы камітэт завёў на мяне справу, інкрымінуючы перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры – ад 120 да 160 тысяч рублёў», – патлумачыў Яўген Мазура.

У канцы чэрвеня 2018 году ў Воршы ствараўся хакейны клуб «Лакаматыў». Калі ў горад збіраўся Аляксандр Лукашэнка, мясцовыя чыноўнікам вырашылі паказаць, што і ў іх прафесійная хакейная каманда.

«Для гэтага трэба было закупіць якасную экіпіроўку. Часу на тэндар не было. Знайшлі пастаўшчыкоў, з якімі працавалі астатнія беларускія клубы. Выбралі самы танны варыянт і ажыццявілі закупку. (...) А нядаўна я даведаўся, што аб’явілася нейкая кантора, якая заявіла ў ДФР, што нібыта магла рэалізаваць прадукцыю па больш нізкіх коштах, каб іх дапусцілі да тэндара. І гэтыя 120-160 тысяч рублёў – якраз розніца паміж сумай, якую мы аддалі, і той, што прапанавала б фірма. Мне закідаюць растрату грошай», – распавёў Яўген Мазура.

У канцы жніўня 2020 году Яўген падпісаў «Адкрыты ліст з патрабаваньнем да ўлады», бо палічыў сваім абавязкам «зрабіць гэты невялікі крок» да спынення неапраўданай жорсткасці і гвалту.

15 кастрычніка быў звольнены з пасады начальніка каманды, старшага трэнера ды выканаўцы абавязкаў дырэктара хакейнага клуба «Лакаматыў».

яс