Беларуская Служба

Беларуская спартсменка ўпершыню з часоў СССР папрасіла палітычны прытулак падчас Алімпійскіх гульняў

01.08.2021 19:37
Крысціна Ціманоўская выступіла з публічным зваротам да МАК і заявіла, што яе спрабавалі вывесці ў Беларусь з Японіі супраць яе волі.
Крысціна Ціманоўская ў суправаджэнні японскай паліцыі ў аэрапорце Токіа https://t.me/zozhteam

Фонд спартыўнай салідарнасці (BSSF) паведаміў, што беларускую лёгкаатлетку Крысціну Ціманоўскую прымусам вывезлі ў аэрапорт Токіа. Спартсменка павінна была выступаць заўтра ў бегу, але замест гэтага ёй тэрмінова купілі білет і вывезлі ў аэрапорт. Напярэдадні лукашэнкаўскія СМІ пачалі цкаванне спартсменкі пасля таго, як яна выступіла з крытыкай беларускіх спартыўных функцыянераў.

Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі пракаментаваў сітуацыю з Крысцінай Ціманоўскай. Прадстаўнікі беларускай дэлегацыі на Алімпіядзе заявілі, што дактары выдалі заключэнне аб «эмацыянальна-псіхалагічным стане» атлеткі, пасля чаго было вырашана адклікаць яе заяўку на ўдзел у спаборніцтвах.

Як высветлілася з апублікаванай размовы лукашэнкаўскіх чыноўнікаў - галоўнага трэнера зборнай Беларусі Юрыя Маісевіча ды начальніка нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы Артура Шумака – гэта падман. Насамрэч чыноўнікі змушалі спартсмену пакінуць спаборніцтвы, пагражаючы спыненнем далейшай кар'еры.

Апроч таго Крысціна Ціманоўская зняпраўдзіла заяву беларускіх спартовых функцыянераў. Спартсменка заявіла, што медычны агляд яе не праводзіўся, яе проста хацелі прымусова вывесці ў Беларусь.

У сітуацыю з атлеткай умяшалася беларуская дыяспара ў Японіі ды Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. Каманда НАУ звязалася з кіраўніцтвам МЗС Польшчы ды з МЗС Аўстрыі з просьбай аказаць садзейнічанне дыпламатычных службаў гэтых краін Крысціне Ціманоўскай у атрыманні міжнароднай абароны. Са зваротам выступіў старшыня НАУ Павал Латушка.

- Беларуская спартсменка Крысціна Ціманоўская выступіла з крытыкай зборнай з-за парушэння правіл ды працэдур удзелу спартсменаў у Алімпійскіх гульнях. Асабіста загадам Лукашэнкі прынятае рашэння вывесці яе з Токіа ў Беларусь. Вельмі важна дапамагчы нашай беларусцы, якая проста выказала сваё меркаванне.

Амбасада Польшчы ў Токіа паведаміла пра гатоўнасць прадставіць прававую і консульскую дапамогу Крысціне Ціманоўской. МЗС Польшчы дало адпаведнае даручэнне консулу Польшчы ў Токіа. Таксама прадстаўнік японскай асацыяцыі адвакатаў прыбыла па асабістай ініцыятыве да спартсменкі.

Крысціна Ціманоўская працягвае знаходзіцца ў такійскім аэрапорце Ханэда пад аховай японскай паліцыі. Яна плануе прасіць прытулак у Еўропе. Чэхія запрапанавала дапамогу беларускай спартсменцы.

юл