Беларуская Служба

Памёр знакаміты беларускі футбаліст Сяргей Герасімец

26.09.2021 11:22
Ён забіваў пераможны гол Нідэрландам і некалькі гадоў быў адным з найбольш моцных і пазнавальных гульцоў зборнай Беларусі.
Zdj. ilustracyjne
Zdj. ilustracyjneShutterstock/topseller

На 56-м годзе жыцця памёр знакаміты беларускі футбаліст Сяргей Герасімец, паведаміла «Свабода»
Па паходжанні Герасімец – украінец, ён нарадзіўся 13 кастрычніка 1965 году ў Кіеве, там жа і пачаў кар’еру. У 1989 годзе прыехаў у Мінск выступаць за «Дынама», а ў выніку застаўся ў Беларусі і пачаў выступаць за зборную краіны, нагадвае Tribuna.

Акрамя Украіны і Беларусі, паўабаронца атакавальнага плану выступаў у чэмпіянатах Ізраілю, Літвы, Расіі.
У складзе зборнай Беларусі Сяргей Герасімец правёў 25 матчаў і забіў 7 галоў, самы знакаміты з якіх у браму зборнай Нідэрландаў у 1995 годзе. У тым сезоне амстэрдамскі «Аякс» перамог у Лізе чэмпіёнаў, а яго футбалісты складалі аснову нідэрландскай зборнай. Тым ня менш, гол Герасімца стаў адзіным у той сустрэчы і прынёс Беларусі адну з найяскравейшых перамог у яе гісторыі.

Пасля завяршэння кар’еры гульца Герасімец стаў трэнерам, у апошнія гады працаваў з некалькімі клубамі ў Расіі, а таксама Арменіі.

аз