Беларуская Служба

Бацька Марыі Калеснікавай другі раз сустрэўся з дачкой у СІЗА

15.10.2021 13:11
Бацька Марыі Калеснікавай 14 кастрычніка другі раз сустрэўся з дачкой у СІЗА, паведамляе телеграм-канал экс-кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі.
Maryja Kalesnikawa
Maryja Kalesnikawatwitter.com/PLPermRepEU

Аляксандр Калеснікаў распавёў, што гаварыў з дачкой праз шкло па тэлефоне гадзіну.

Яна выглядае бадзёрай, шмат чытае і сочыць за навінамі.

«Просьба Машы – удакладніць, ці можна падпісацца на "Новую газету" і часопіс Esquire. Яна ў курсе, што галоўнаму рэдактару "НГ" уручана Нобелеўская прэмія. Машу гэта захапіла, і яна прасіла перадаць свае велізарныя віншаванні Дзмітрыю Муратаву», — сказаў Калеснікаў.

Марыя таксама ўзгадала пра прэмію ў галіне правоў чалавека імя Вацлава Гаўла, якую ёй прысудзілі. Яна падкрэсліла, што вельмі ганарыцца гэтай узнагародай і лічыць, што гэтая прэмія – для ўсіх палітвязьняў.

Калеснікава перадала прывітанне пісьменніцы і Нобелеўскай лаўрэатцы Святлане Алексіевіч, дачцэ Віктара Бабарыкі Марыі, усім сябрам і паплечнікам.

Палітвязням, каардынатарам штаба Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Марыі Калеснікавай і юрысту штаба Максіму Знаку 6 верасня вынеслі прысуд: 11 гадоў калоніі агульнага рэжыму і 10 гадоў ўзмоцненага адпаведна. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу. Адвакаты рыхтуюць скаргу.

Справу суд разгледзеў за месяц: першае паседжанне прайшло 4 жніўня. Працэс вёў суддзя Сяргей Епіхаў. Калеснікаву і Знака абвінавацілі ў спробе захопу ўлады, публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання. Калеснікаву ўзялі пад варту 8 верасня 2020 года. За дзень да гэтага невядомыя выкралі яе ў цэнтры Мінска і спрабавалі вывезці з краіны, аднак на беларуска-ўкраінскай мяжы яна парвала пашпарт. 9 верасня затрымалі Максіма Знака. Упершыню пасля арышту Калеснікава сустрэлася з бацькам у СІЗА праз год пасля яе затрымання і на наступны дзень пасля абвяшчэння прысуду – 7 верасня.

naviny.online / вх