Беларуская Служба

Беларусаў запрашаюць на гістарычную выставу

20.01.2022 14:12
27 студзеня Беларускі Дом у Варшаве запрашае на адкрыццё выставы "На мяжы цывілізацыі" вядомага папулярызатара міжваеннай гісторыі Ігара Мельнікава.
Ілюстрацыйны здымакІгар Мельнікаў

Ігар Мельнікаў – беларускі гісторык, публіцыст, журналіст, блогер і рэдактар. Лаўрэат Прэміі імя Вацлава Ластоўскага за папулярызацыю ведаў па гісторыі Беларусі, атрымаў узнагароду імя Льва Сапегі.

Аўтар выставы старанна падабраў кожны гістарычны артэфакт. Ва ўласнай калекцыі ён мае больш за 300 гістарычных артэфактаў па тэме гісторыі савецка-польскай мяжы 1921—1939 гадоў. Гісторык кажа, што сённяшнія праблемы на мяжы бяруцца з таго, што мы забылі гісторыю папярэдніх эпох. Падзеі 1930-ых гадоў шмат чаму могуць навучыць сучасных беларусаў і палякаў.

- Трагедыя, якая здарылася з Беларуссю два гады назад, яскрава паказала, што вялікая колькасць нашых праблем сённяшняга дня звязана з тым, што цяперашняе беларускае грамадства слаба ведае гісторыю і схільнае да расколу ды канфрантацыі. Менавіта на нашай мінуўшчыне трэба аб'яднацца. Трэба зразумець тую трагедыю, якую прайшлі мінулыя пакаленні беларусаў і зрабіць высновы. Гісторыя савецка-польскай мяжы паказвае, што калі палітыкі гуляюцца, ахвярамі становяцца простыя людзі. У беларусаў і палякаў супольная гісторыя, а нас спрабуюць падзяліць на штучнай палітычнай глебе.

У сваіх матэрыялах ён раскажа і пакажа, як выглядала жыццё і праца людзей на польска-савецкай мяжы, як памежныя раёны сустрэлі пачатак 2-й сусветнай вайны і як яны бралі ўдзел у ваенных дзеяннях. Вы даведаецеся, дзе знаходзілася Брама ў “Імперыю Сталіна”, для чаго ў савецкія часы будаваліся “крэпасці” каля дарог і што найчасцей кантрабандысты перавозілі з Польшчы ў Савецкі Саюз.