Беларуская Служба

Юрыст Гары Паганяйла паскардзіўся ў Вярхоўны суд на прызначэнне рэферэндуму

23.01.2022 15:45
Лукашэнка падпісаў указ як дзейны прэзідэнт, а Паганяйла адзначае, што працэдура выбараў не была завершаная, бо Вярхоўны суд не разглядзеў скаргі кандыдатаў на вынікі выбараў.
Юрыст Гары ПаганяйлаФота: Радыё Свабода

Намеснік старшыні Беларускага Хельсінскага камітэту Гары Паганяйла выслаў у Вярхоўны суд Беларусі скаргу, у якой просіць паставіць перад Канстытуцыйным судом пытанне аб прызнанні неканстытуцыйным указу Аляксандра Лукашэнкі аб прызначэнні рэферэндуму на 27 лютага 2022 года, расказвае цэнтр «Наш дом».

Паводле Паганяйлы, указ падпісаны асобай, якая не мае на тое паўнамоцтваў: Лукашэнка падпісаў указ як дзейны прэзідэнт. Пры тым працэдура выбараў 2020 года не была завершанай, бо Вярхоўны суд адмовіўся (нібыта праз «непадведамаснасць») разглядаць па сутнасці скаргі кандыдатаў Святланы Ціханоўскай, Андрэя Дзмітрыева і Ганны Канапацкай, якія раней назвала неабгрунтаванымі Цэнтральная выбарчая камісія.

Паганяйла ў скарзе адзначае, што старшыня Канстытуцыйнага суду пасля выбараў казаў са спасылкай на выбарчае заканадаўства, што якраз ЦВК і Вярхоўны суд адказныя за пытанні аб прызнанні выбараў несапраўднымі.

«Выданне дадзенага акту неправамоцнай асобай наўпрост закранае мае грамадзянскія правы і законныя інтарэсы і падлягае прызнанню судом неправамерным, а дзеянні – незаконнымі, якія ўшчамляюць мае выбарчыя правы», – піша Паганяйла ў Вярхоўны суд пра ўказ аб рэферэндуме.

«Наш дом» заклікаў усіх ахвочых пісаць такую самую скаргу, шаблон якой апублікаваў у сябе на сайце.

«Белсат» / вх