Беларуская Служба

З 2020 года Польшча прыняла 15 тысяч палітычных уцекачоў з Беларусі

23.01.2022 18:22
Пра гэта паведаміў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі на канферэнцыі ў Вільні.
Minister Mariusz Kamiński w Wilnie
Minister Mariusz Kamiński w WilnieФота: gov.pl

– На нашых вачах павінен быў разгарнуцца яшчэ адзін, вельмі сур'ёзны міграцыйны крызіс у Еўропе, які нагадвае тое, што адбылося ў 2015 годзе. Постсавецкі рэжым Лукашэнкі кіраваўся жаданнем адпомсціць Польшчы, Літве і Латвіі за нашу падтрымку беларускай апазіцыі, апеку палітычных уцекачоў. Толькі ў Польшчы пасля 2020 года, калі былі вялікія сацыяльныя пратэсты і рэпрэсіі пасля сфальсіфікаваных выбараў, мы прынялі каля 15 тысяч палітычных уцекачоў з Беларусі, – заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі (Mariusz Kamiński) ў Вільні падчас міжнароднай канферэнцыі па кіраванні аховай еўрапейскіх межаў, піша сайт wpolityce.pl.

Кіраўнік МУС указаў на матывы афіцыйнага Мінска, Аляксандра Лукашэнкі: Міграцыйны крызіс мусіў нагадаць Еўропе 2015 год і дзесяткі тысяч мігрантаў. Калі б гэтыя людзі прайшлі, Еўропа мела б справу з сотнямі тысяч.

– Мэта была зразумелая: ён хацеў міжнароднага прызнання свайго незаконнага прэзідэнцтва, хацеў пачаць перамовы з Еўрасаюзам і хацеў, каб санкцыі былі зняты. Ён хацеў дамагчыся гэтага, шантажуючы завабленых у Беларусь нелегальных мігрантаў, ствараючы ўражанне, што ў Еўрасаюзе праз момант будзе яшчэ адзін вялікі міграцыйны крызіс. Гэта была яго мэта, і гэта было магчыма. Дзякуючы рашучым дзеянням урадаў Літвы, Латвіі і Польшчы гэтага не адбылося, і Лукашэнка не дасягнуў сваіх мэтаў. Аднак з гэтага трэба рабіць высновы, міграцыйная палітыка ЕС не можа быць наіўнай і інфантыльнай, таму што мы маем справу з брутальнымі гульцамі, якія будуць выкарыстоўваць усе слабасці ў сваіх мэтах, – сказаў міністр Марыюш Каміньскі.

Ён таксама заявіў, што паміж мігрантамі і бежанцамі ёсць прынцыповая розніца. І Польшча ніколі не адмовіцца прыняць бежанца, чалавека, які па палітычных матывах, баючыся за сваё здароўе і жыццё, вымушаны пакінуць сваю краіну.

У міжнароднай канферэнцыі па кіраванні аховай еўрапейскіх межаў узялі ўдзел 16 міністраў краін ЕС, адказных за міграцыю, а таксама прадстаўнікі такіх агенцтваў ЕС, як Frontex, камісары, еўрапейскія чыноўнікі, якія  адказваюць за гэтыя сферы. 

вх