Беларуская Служба

ЗША прыгразілі Беларусі «хуткім і рашучым адказам», калі Мінск дазволіць выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для нападу на Украіну

26.01.2022 08:38
У такой сітуацыі НАТА можа пайсці на нарошчванне сіл у краінах-сябрах альянсу, якія мяжуюць з Беларуссю.
-
Прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША Нэд Прайсscreen: https://www.youtube.com/watch?v=2tVd0oXb-3Q

ЗША прыгразілі Беларусі «хуткім і рашучым адказам», калі Мінск дазволіць выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для нападу на Украіну, заявіў прэс-сакратар Дзярждэпартамента Нэд Прайс.

«Мы далі зразумець Беларусі, што, калі яна дазволіць выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для »нападу« на Украіну, то сутыкнецца з хуткім і рашучым адказам з боку ЗША, нашых саюзнікаў і партнёраў», – расказаў ён.

Нэд Прайс таксама дадаў, што ў такой сітуацыі НАТА можа пайсці на нарошчванне сіл у краінах-сябрах альянсу, якія мяжуюць з Беларуссю.

24 студзеня Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што да яго давялі «пагражальную пазіцыю» Дзярждэпартамента ЗША.

- Прыехалі да нашых дыпламатаў у Нью-Ёрку і пагражаюць нам: ды калі вы дазволіце Пуціну і Расіі, дазволіце гэта, то мы ўвядзем санкцыі. Калі вы гэтую ядзерную зброю вернеце ў Беларусь, будзе тое і гэта. Разумееце, ментарскі нейкі тон у адносінах да Беларусі. (…) Нам не трэба ніякай вайны. Але гэтыя ж амерыканцы рукамі палякаў, латышоў і самі асабіста падштурхоўваюць нас да гэтых дзеянняў. Мы былі донарам бяспекі ў рэгіёне. Нас заўсёды шанавалі за гэта. Навошта вы нас у 2020 годзе штурхаеце і робіце агрэсарамі? Па іх тэрміналогіі. Нашто гэта трэба было? А сёння яны нам пагражаюць, – сказаў Лукашэнка, нагадала Зеркало.
яс