Беларуская Служба

16-17 траўня ў Варшаве праходзіць форум дэмакратычных сіл Беларусі

16.05.2022 13:26
Форум дэмакратычных сіл з'яўляецца публічнай пляцоўкай для пошуку ідэй і выпрацоўкі прапаноў па розных пытаннях грамадскага, эканамічнага і палітычнага развіцця Беларусі.
  .
Выступае Сямён Шарэцкі.Фота: Радыё Свабода

16-17 траўня ў Варшаве праходзіць форум дэмакратычных сіл Беларусі, на які онлайн зарэгістравалася каля 150 чалавек.

Згодна з праграмай форуму, на працягу двух дзён, падчас форуму выступяць экс-кіраўнікі Беларусі, удзельнікі прэзідэнцкіх выбараў мінулых гадоў, палітыкі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, навукі, бізнесу, экспертнай супольнасці, дыяспары, замежныя госці, дыпламаты.

Форум дэмакратычных сіл з'яўляецца публічнай пляцоўкай для пошуку ідэй і выпрацоўкі прапаноў па розных пытаннях грамадскага, эканамічнага і палітычнага развіцця Беларусі. Дзейнасць Форума засноўваецца на прынцыпах палітычнага плюралізму, галоснасці, вольнага абмеркавання пытанняў.

Форум пачаўся з хвіліны маўчання ў памяць усіх загінулых падчас вайны Расеі ва Украіне.

Форум па відэасувязі з ЗША адкрыў Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі XIII скліканьня, акадэмік НАН Беларусі Сямён Шарэцкі.

Ён падкрэсліў у сваёй прамове, што захапляецца беларусамі, якія змагаюцца на баку Украіны. Ён таксама выказаў спачуванне ўкраінскаму народу і звярнуў увагу на мужнасць і ўстойлівасць грамадзян, якія абараняюць сваю зямлю ад агрэсара:

«Змагаючыся за сваю свабоду ўкраінскі народ выявіў не толькі гераічнасць, але і згуртаванасць».

Шарэцкі заклікаў апазіцыйныя сілы Беларусі «нягледзячы на рознасць меркаванняў, а тым больш на амбіцыі» спыніць публічныя спрэчкі, каб перамагчы рэжым Лукашэнкі. Для гэтага, паводле Шарэцкага трэба згуртавацца, як гэта ў свой час зрабілі грамадзяне балтыйскіх рэспублік, а сёння ўкраінцы ў барацьбе з незаконна ўзурпатарскім рэжымам.

«Жыве Беларусь. Слава Украіне і яе ўзброеным сілам перамога будзе за праўдай», – зазначыў напрыканцы свайго выступу Шарэцкі.

«Беларусь – гэта не саўдзельнік расейскай агрэсіі, а першая ахвяра расійскай агрэсіі. Беларусь – гэта тое, што хацеў зрабіць Пуцін з Украінай, але яму не ўдалося, – сказаў у сваёй прамове кіраўнічы партэр кансалтынгавай кампаніі PGR Consulting Group LLC, грамадзкі дзеяч Руслан Рохаў.

Ён таксама зазначыў, што грамадзянам Беларусі трэба «звяртацца да міжнароднай супольнасці аб прызнанні Беларусі, акупаванай тэрыторыяй».

Паводле Радыё Свабода / вх