Беларуская Служба

Лукашэнка падчас саміту АДКБ: Захад нацкоўваў Украіну на Беларусь, пічкаў нацызмам і нацыяналізмам

16.05.2022 14:57
Лукашэнка ў Маскве ўдзельнічае ў саміце АДКБ.
 .
Архіўнае фота.Asatur Yesayants / Shutterstock.com

У Маскве праходзіць юбілейны, 30-ы саміт лідараў краін-удзельніц Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Аляксандр Лукашэнка падчас сваёй прамовы выказаўся і наконт Украіны.

Ён заявіў, што «Украіну нацкоўвалі і падбухторвалі. Украіна цалкам, як у нас прынята ў народзе казаць, «лягла пад Захад». Захад нацкоўваў Украіну на Беларусь, пічкаў нацызмам і нацыяналізмам. Украіна ажыццяўляла разведку ў паветранай прасторы Беларусі. Таму быў задзейнічаны рэжым абароны ў саюзе з Расіяй. ЗША пад выглядам міратворцаў плануюць прыехаць ва Украіну і расшчапіць яе».

Таксама Лукашэнка паскардзіўся, што не ўбачыў «адзінага фронту» сярод краін АДКБ на фоне санкцый Захаду.

«Ці можна сёння сцвярджаць, што мы ў нашай арганізацыі разам і ўсё гэтак жа звязаныя сувяззю салідарнасці і падтрымкі? Як паказваюць апошнія падзеі, можа я і памыляюся, здаецца, не. Чаго толькі варта забарона асобнымі партнёрамі па АДКБ палётаў да іх самалётаў нацыянальных авіякампаній іншых дзяржаў – членаў арганізацыі», – адзначыў Лукашэнка.

На фоне «ашалелага санкцыйнага прэсінгу з боку кансалідаванага Захаду, пастулаты адзінства і салідарнасці спрацоўваюць далёка не заўсёды», – заявіў Лукашэнка, адзначыўшы, што гэта бачна таксама па галасаванні ў міжнародных арганізацыях. Ён мяркуе, што калі б краіны АДКБ адразу выступілі «адзіным фронтам, не было б гэтых пякельных санкцый».

Пасля сустрэчы з лідарамі краін АДКБ Аляксандр Лукашэнка правядзе двухбаковыя перамовы з Уладзімірам Пуціным. Афіцыйна гаворыцца, што яны абмяркуюць «пытанні развіцця кааперацыі і сумесную працу над імпартазамяшчэннем».

Апошні раз Лукашэнка і Пуцін афіцыйна сустракаліся 12 красавіка. Цяпер гэта будзе ўжо іх чацвёртая па ліку  сустрэча з пачатку года.

вх