Беларуская Служба

Сілавікі затрымалі выдаўца Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу кнігарні «Кнігаўка»

17.05.2022 09:34
Вядома, што Андрэй Янушкевіч пасля ператрусу ноч правёў у Першамайскім РУУС.
          .
У кнігарню «Кнігаўка» прыйшлі з вобшукам у першы ж дзень працы.Фота: "Наша Ніва"

Пасля ператрусу ў новай кнігарні «Кнігаўка» знікла сувязь з дырэктарам Андрэем Янушкевічам і супрацоўніцай кнігарні Настай Карнацкай.

Раніцай 16 траўня ў першы дзень працы «Кнігаўкі», туды прыехалі прапагандысты Рыгор Азаронак і Людміла Гладкая. Яны чапляліся да ўласнікаў кнігарні за тое, што тыя прадаюць гістарычныя кнігі на беларускай мове. Іх пытанні выклікала кніга пра род князёў Радзівілаў, а таксама кніга з фота, якое падалося яму «вельмі падобным да параду ветэранаў СС» (у рэальнасці на здымку было ўступленне літоўскага войска ў Вільню ў 1939-м).

А пасля абеду туды прыйшлі сілавікі з ператрусам, паведаміла «Наша ніва».

Андрэй Янушкевіч ноч правёў у Першамайскім РУУС. Родныя спрабуюць высветліць акалічнасці. У судах няма інфармацыі, ці будуць разглядацца адміністрацыйныя справы Янушкевіча і Карнацкай.

Новая кнігарня адкрылася 16 траўня на вул. Змітрака Бядулі, 6 у Менску. Найперш гэта мелася быць выдавецкая кнігарня, дзе выдавецтва «Янушкевіч» будзе прадаваць свае кнігі і кнігі «блізкіх партнёраў», паведаміла выдавецтва ў сацсетках.

Выдавецтва «Янушкевіч» займаецца падрыхтоўкай і выданнем разнастайнай кніжнай прадукцыі, пераважна на беларускай мове.

У студзені 2021 году Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі забраў тэхніку і заблакаваў рахунак выдавецтва, а ў чэрвені выдавецтва атрымала паведамленне пра магчымасць ізноў карыстацца банкаўскім рахункам.

22 сакавіка стала вядома, што выдавецтва «Янушкевіч» папрасілі тэрмінова вызваліць офіс на Мар’еўскай, 7А у Менску. Пасля гэтага выдавецтва абвясціла распродаж кніг і хутка пад офісам сабралася вялізная чарга пакупнікоў, якая не сканчалася некалькі дзён.

Апошнім часам беларускія ўлады прыпынілі дзейнасць адразу некалькіх беларускіх незалежных выдавецтваў: «Лімарыус», «Кнігазбор», «Галіяфы», «Мэдысонт».

Фармальнай падставай стала парушэнне «тэрмінаў звароту ў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь з паведамленнем аб змене звестак, якія падлягаюць уключэнню ў Дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў».


Радыё Свабода / вх