Беларуская Служба

Выдаўцу Андрэю Янушкевічу прысудзілі 10 дзён арышту

17.05.2022 16:04
Андрэя Янушкевіча і Насту Карнацкую затрымалі пасля ператрусу ў новай кнігарні выдавецтва «Янушкевіч» «Кнігаўка», якая адкрылася 16 траўня.
Андрэй Янушкевічradyjo.net/Я.Іванюк

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», Янушкевічу прысудзілі 10 дзён адміністрацыйнага арышту.

Раніцай 16 траўня ў першы дзень працы «Кнігаўкі», туды прыехалі прапагандысты Рыгор Азаронак і Людміла Гладкая. Яны чапляліся да ўласнікаў кнігарні за тое, што тыя прадаюць гістарычныя кнігі на беларускай мове. Іх пытанні выклікала кніга пра род князёў Радзівілаў, а таксама кніга з фота, якое здалося Азаронку «вельмі падобным да параду ветэранаў СС» (у рэальнасці на здымку было ўступленне літоўскага войска ў Вільню ў 1939-м).

Пасля абеду ў кнігарню прыйшлі сілавікі з ператрусам. Пасля ператрусу ў «Кнігаўцы» знікла сувязь з дырэктарам Андрэем Янушкевічам і супрацоўніцай кнігарні Настай Карнацкай.

17 траўня стала вядома, што сілавікі затрымалі выдаўца Андрэя Янушкевіча і канфіскавалі ў яго 200 кніг, па 15 выданнях будзе «праведзена экспертыза», паведаміла супрацоўніца афіцыёзнага выдання «СБ. Беларусь Сегодня» Людміла Гладкая. Паводле якога артыкула затрымалі Янушкевіча, невядома.

Паводле Гладкай, затрымалі і «касірку кнігарні», якая нібыта «адміністравала шэраг экстрэмісцкіх рэсурсаў».

Новая кнігарня адкрылася 16 траўня на вул. Змітрака Бядулі, 6 у Менску. Найперш гэта мелася быць выдавецкая кнігарня, дзе выдавецтва «Янушкевіч» будзе прадаваць свае кнігі і кнігі «блізкіх партнёраў», паведаміла выдавецтва ў сацсетках.

Выдавецтва «Янушкевіч» займаецца падрыхтоўкай і выданнем разнастайнай кніжнай прадукцыі, пераважна на беларускай мове.

У студзені 2021 году Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі забраў тэхніку і заблакаваў рахунак выдавецтва, а ў чэрвені выдавецтва атрымала паведамленне пра магчымасць ізноў карыстацца банкаўскім рахункам.

Свабода/яс