Беларуская Служба

Першы амбасадар Польшчы ў Беларусі расказала пра пахаванне Станіслава Шушкевіча

18.05.2022 07:11
Прафесар Альжбета Смулкова была запрошана  ў Варшаўскі універсітэт прачытаць лекцыю «Беларусь – гэта не Лукашэнка».
        .
Першы амбасадар Польшчы ў Беларусі прафесар Альжбета Смулкова. https://www.uw.edu.pl/dwuglos-o-bialoruskiej-rewolucji/

У Варшаўскі ўніверсітэт першы пасол Польшчы ў Беларусі прафесар Альжбета Смулкова была запрошана прачытаць лекцыю «Беларусь – гэта не Лукашэнка. Два галасы пра беларускую рэвалюцыю». Другім дакладчыкам была прафесар Анна Энгэлькінг.

На пачатку сустрэчы прафесар Смулкова расказала пра паховіны Станіслава Шушкевіча ў Мінску, у якіх яна ўдзельнічала разам з цяперашнім амбасадарам Польшчы ў Беларусі Артурам Міхальскім.
Як зазначыла прафесар Смулкова, на гэтай урачыстасці, яна акунула ў сучасную беларускую рэчаіснасць.

Прафесар звярнула ўвагу на дзве асноўныя аспекты: па-першае ганаровымі могілкамі, на якіх хароняць высокіх дзяржаўных служачых і значных для культуры і навукі людзей, з'яўляюцца Усходнія могілкі. Станіслаў Шушкевіч быў пахаваны на Паўночных могілках, пры гэтым у горш добраўпарадкаванай іх частцы. Па-другое – паховіны не атрымалі дзяржаўнага ўзроўню, гэта былі прыватныя паховіны. Не прагучала прамова прадстаўніка ніводнай дзяржаўнай установы. Пра навуковыя дасягненні шматгадовага і паважанага прафесара фізікі цёпла гаварылі два ягоныя вучні і супрацоўнікі, ад БДУ ніхто не зʼявіўся. Сувязь з БДУ нагадваў адзін толькі здымак прафесара Шушкевіча на фоне ўніверсітэта.

Прафесар Смулкова, расказала таксама пра тое, што яе прыемна закранула і на што яна звярнула ўвагу як даследчыца культурнага і моўнага памежжа:

«Найперш людзі- прадстаўнікі народу – з павагай, спакойна выходзілі з натоўпу ля ўвахода ў рыма-каталіцкі сабор, шэрагамі падыходзілі да адкрытай труны, якая стаяла перад галоўным алтаром, каб аддаць паклон паважанаму чалавеку, развітацца з ім датыкаючы труну або нават цалуючы памерлага, мора кветак і ўрачыстае рытуальнае набажэнства з удзелам як мінімум трох біскупаў і многіх ксяндзоў».

Як даследчыца мовы, прафесар адзначыла паслядоўнасць і правільнае выкарыстанне беларускай мовы падчас імшы і пропаведзі ў каталіцкім храме. Сярод духавенства быў таксама праваслаўны святар:

«Звяртала ўвагу змешванне каталіцкіх і праваслаўных звычаяў. Усе свецкія прамовы адбываліся на могілках пры адкрытай труне, дзе цела было пакрытае бел-чырвона-белым пакрывалам з гербам Пагоні. Калі яно зʼявілася раздаліся гучныя воплескі. Пасол Польшчы Артур Міхальскі прачытаў спачувальны ліст ад прэзідэнта Анджэя Дуды да жонкі Станіслава Шушкевіча Ірыны, родных і беларускага народу. Было цудоўнае надворʼе і свяціла сонца».

На заканчэнне ўспаміну пра паховіны Станіслава Шушкевіча прафесар Альжбета Смулкова папрасіла ўсіх сабраных на лекцыі паўстаць і ўшанаваць першага кіраўніка суверэннай Беларусі хвілінай маўчання.

яс