Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская працягвае візіт у Іспанію

18.05.2022 20:46
Галоўная мэта візіту для офісу Ціханоўскай – пазбавіць рэжым Лукашэнкі падтрымкі лацінаамерыканскіх краінаў.
Святлана Ціханоўскаяtsikhanouskaya.org

Святлана Ціханоўская працягвае візіт у Іспанію. Сёння лідарка дэмакратычнай Беларусі правяла сустрэчы са старшынём іспанскага Сенату і прэзідэнтам Кангрэсу, на якіх абмяркоўвалі санкцыі, дапамогу беларусам і неабходнасць аддзяляць рэжым Лукашэнкі ад беларусаў.

Галоўная мэта візіту для офісу Ціханоўскай – пазбавіць рэжым Лукашэнкі падтрымкі лацінаамерыканскіх краінаў, паведамляе «Белсат».

У першай палове дня яна сустрэлася са старшынём іспанскага Сенату Андэрам Хілем, абмеркавала з ім падтрыманне беларускіх арганізацыяў у выгнанні, санкцыі і дапамогу беларусам, якія мусілі ратавацца ад рэпрэсіяў у Беларусі і ад вайны ва Украіне. Таксама Ціханоўская звярнула ўвагу на слушную назву нашай краіны і неабходнасць падзелу беларусаў і рэжыму Лукашэнкі, бо ў іспанскіх медыях Беларусь называюць агрэсарам.
Пасля абеду Святлана Ціханоўская разам з сябрамі ейнай каманды сустрэлася з прэзідэнткай Кангрэсу Іспаніі Мэрычэл Батэт. Палітыкі абмеркавалі пытанне ўзмацнення санкцыяў. Ціханоўская падкрэсліла, што заходнія краіны мусяць прыкласці намаганні, каб не даць пралукашэнкаўскім алігархам шчыліны для абыходу накладзеных санкцыяў. Іспанскі Кангрэс запэўніў беларусаў у сваім падтрыманні.

Офіс Святланы Ціханоўскай лічыць, што пазіцыя Іспаніі ўплывае на шматлікія лацінаамерыканскія краіны, да якіх рэжым Лукашэнкі ўсё яшчэ спрабуе «заляцацца». Голас Іспаніі важны для многіх дзяржаваў, з меркаваннем каралеўства лічацца ў міжнародных арганізацыях. Менавіта таму Святлана Ціханоўская і ейная каманда адправіліся ў Мадрыд, каб распавесці пра ролю Беларусі ў рэгіёне і дамовіцца наконт палітычнага падтрымання беларускага народу ў Іспаніі.

вс