Беларуская Служба

Настаяцеля царквы ў Альшанцы знялі з пасады

19.05.2022 13:31
Раней з ім правялі прафілактычную гутарку супрацоўнікі міліцыі.
Андрэй Наздрынфота: hrodna.life

Іерэя Андрэя Наздрына, настаяцеля праваслаўнага прыхода ў Альшанцы (прыход храма Свяціцеля Спірыдона Тріміфунцкага), вызвалілі з пасады. Пра гэта Наздрын паведаміў на сваёй старонцы ў Instagram.

Настаяцеля царквы ў Альшанцы знялі з пасады. Раней з ім правялі прафілактычную гутарку супрацоўнікі міліцыі.

Указ іерэй Андрэй Ноздрын атрымаў 18 траўня 2022 года. Разам з пасадай настаяцеля Наздрын таксама страціў пасаду кіраўніка місіянерскага аддзела і адказнага па пытаннях фізічнай культуры і спорту Гродзенскай епархіі.

На пачатку траўня з Наздрыным правялі прафілактычкую гутарку. Гэта стала вядома з адказу за подпісам начальніка УУС Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Андрэя Форыся. Яго апублікавала праўладная актывістка Вольга Бондарава. У сваім канале яна называе Наздрына «бчб-папом», які нібыта «тапіў за дзяржаўны пераварот», публікаваў «нацысцкі гімн» (яна мае на ўвазе песню «Магутны Божа»), рэпосціў экстрэмісцкія матэрыялы і падтрымліваў «тэрарыстычны рэжым Украрэйха».

Менавіта па заяве Вольгі Бондаравай правялі праверку. Парушэнняў з боку Наздрына не выявілі. Але прафілактычную гутарку аб выкананні заканадаўства і недапушчэнні экстрэмісцкіх правапарушэнняў і злачынстваў правялі.

Андрэй Наздрын – клірык Гродзенскай епархіі БПЦ, настаяцель храма Спірыдона Трыміфунцкага ў Гродне. Скончыў Варшаўскую праваслаўную семінарыю і Варшаўскую багаслоўскую акадэмію. У 2011−2016 гг. працаваў у Свята-Пакроўскім саборы ў Гродне.

У жніўні 2020 года заклікаў не распальваць варожасць паміж народам і арміяй. Быў адным з гродзенскіх святароў, хто дапамагаў затрыманым падчас мірных пратэстаў у жніўні 2020 года: прывозіў у турму ваду і сродкі гігіены.

Мяркуючы па акаўнце ў Facebook, падтрымліваў Віктара Бабарыку. Адкрыта выступаў супраць вайны ва Украіне.

Яго брат і бацька – таксама святары Гродзенскай епархіі.

ав/hrodna.life