Беларуская Служба

У Гомельскай вобласці - адначасова тры вучэнні

27.06.2022 16:01
Флагшток зрабіў падборку фота, паводле паведамленняў чытачоў і адкрытай інфармацыі аб тым, як у рэгіёне праходзяць вучэнні.
Гомельскі абласны ваенкаматФлагшток

На гэтым тыдні ў Гомельскай вобласці павінны завяршыцца «мабілізацыйныя вучэнні» ваенных камісарыятаў і арганізацый Узброеных Сіл. Паводле афіцыйнай інфармацыі, з 22 чэрвеня па 1 ліпеня каля 150 чалавек, прызваных на зборы, «абнаўляюць веды» і праходзяць агнявую падрыхтоўку.

Флагшток зрабіў падборку фота, паводле паведамленняў чытачоў і адкрытай інфармацыі аб тым, як у рэгіёне праходзяць вучэнні.

У Гомелі абласны ваенны камісарыят па вул. Садовай, 10 «умацавалі» – ганак атачылі мяшкамі з пяском і ўсталявалі іншыя «дэкарацыі», якія перакрываюць дарогу. Такую ж карціну назіраюць жыхары райцэнтраў каля розных аб'ектаў, у тым ліку – каля ельскага Дома культуры.

У раёне хімзавода ў Гомелі правялі стрэльбы, таксама агнявая падрыхтоўка прайшла ў рэгіёнах. Напрыклад, у ваенным камісарыяце Рэчыцкага і Лоеўскага раёнаў прызваных ваеннаабавязаных вучылі кідаць гранаты і страляць з аўтамата Калашнікава. Афіцэры стралялі з пісталета Макарава, удакладняе газета «Дняпровец».

У ваенкамаце Добрушскага і Веткаўскага раёнаў, акрамя ўсяго іншага, вучыліся апранаць супрацьгазы, некаторыя прымалі прысягу. Гэта сведчыць аб тым, што ў ліку прызваных на зборы ваеннаабавязаных ёсць тыя, хто не праходзіў тэрміновай службы. Таксама прысягу прымалі ў ваенкамаце Жлобінскага раёна – паведамляюць раённыя газеты.

Акрамя гэтых вучэнняў адначасова ў рэгіёне праводзіць свае вучэнні МУС – паводле афіцыйнай інфармацыі, «органы ўнутраных спраў і ўнутраных войскаў вучацца ахоўваць і абараняць чыгуначныя і аўтамабільныя масты». Гамяльчане заўважылі, што пад аўтамабільным мостам праз раку Сож стаяла ваенная тэхніка, туды прывезлі салдат з аўтаматамі і аўчаркай:

«На самым мосце на раздзяляльнай зоне на спякоце з двух бакоў стаіць па салдату ў поўнай экіпіроўцы і ў масках».
А на чыгуначным мосце праз раку Дняпро пад Жлобінам вартоўні ператварылі ва ўмацаванні.

Адзначым, што МУС заявіла толькі аб даце пачатку вучэнняў – 24 чэрвеня.

З 28 чэрвеня ў Жлобінскім раёне стартуюць яшчэ адны вучэнні – ваенныя зборы тэраабароны. Яны павінны працягнуцца да 16 ліпеня. Афіцыйна падчас збораў будуць адпрацоўваць пытанні арганізацыі аховы і абароны абʼектаў тэрытарыяльнай абароны.

Такім чынам, з 28 чэрвеня па 1 ліпеня на тэрыторыі Гомельскай вобласці будуць адначасова праходзіць тры розныя вучэнні.

яс