Беларуская Служба

Пінскага праваабаронцу пасадзілі ў ІЧУ і пасля пазбавілі апякунства над хворым братам

07.08.2022 16:16
Яго адсутнасць дома стала падставай для таго, каб вынесці на разгляд пытанне пазбаўлення апякунства.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjne FLICKR/Dennis Skley/CC BY-ND 2.0

Камісія прыехала дадому, калі Алесь Рамановіч быў у ізалятары часовага ўтрымання. Яго адсутнасць дома стала падставай для таго, каб вынесці на разгляд пытанне пазбаўлення апякунства, паведамляе Rадыё Свабода са спасылкай на BNP.

Учора ён атрымаў ліст, што рашэнне аб пазбаўленні яго права на апякунства прынятае.

2 жніўня сілавікі правялі рэйд па Пінску з вобшукамі і затрыманнямі. У выніку рэйду па палітычна матываваных справах арыштавалі або аштрафавалі 11 чалавек. Сярод затрыманых у гэты дзень быў праваабаронца Алесь Рамановіч. Паводле праваабаронцы, затрымлівалі яго жорстка, пры затрыманні арыштавалі грошы, якія належаць ягонаму бацьку (2000 долараў і 600 еўра), яны былі ў кішэні ягоных нагавіц.

Да суда Рамановіч быў у ізалятары часовага ўтрымання. 4 жніўня яго аштрафавалі на 30 базавых велічыняў (960 рублёў) па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў), у яго таксама канфіскавалі тэлефон. Па словах праваабаронцы, у пастанове на ператрус, з якой прыйшлі да яго і іншых актывістаў, было пазначана, што ён «пакідае каментары ў чаце «Пінск для жыцця».

яс