Беларуская Служба

Журналістка Марыя Грыц зрабіла БЧБ-сцяг з прозвішчамі рэпрэсаваных беларусак

14.08.2022 11:26
«Я называю іх імёны, славутыя і невядомыя, каб пра іх памятаў кожны з вас. Каб яны ведалі, што не адныя, не кінутыя, не забытыя, што іх ахвяра не марная.»
Марыя Грыц Фота са старонкі Марі Грыц ў фэйсбуку

Раней дзяўчына зрабіла сцяг з прозвішчамі палітвязняў, якіх на той момант было 1006. На новым БЧБ 588 прозвішчаў рэпрэсаваных жанчын, паведамляе «Новы Час».

«Два гады таму мы выйшлі, каб спыніць гвалт. Натхнёныя, спужаныя і ап'янелыя ад таго, як нас шмат, мы не маглі нацешыцца тым першым маршам. Потым былі іншыя, пра неймаверных беларускіх жанчын пісаў і казаў увесь свет, – напісала Марыя Грыц у фэйсбуку.

– Сёння пра беларускіх жанчын гавораць непамерна меней, але хіба яны самі змяніліся? На сёння з крымінальным пераследам сутыкнуліся не меней за 588 жанчын – і гэта толькі тыя, пра каго вядома праваабаронцам. Іх жыццё часова складзенае ʼсудовыміʼ выракамі, але іх імёны не забытыя. Вось яны, так шмат, што хапіла на яшчэ адзін сцяг.

Я называю іх імёны, славутыя і невядомыя, каб пра іх памятаў кожны з вас. Каб яны ведалі, што не адныя, не кінутыя, не забытыя, што іх ахвяра не марная. У першым каментары будзе спасылка, каму і як дапамагчы.
Тады мы выйшлі з кветкамі, але нас не пачулі. Больш кветак у мяне няма».

яс