Беларуская Служба

Служба аховы дзяржмяжы Літвы: беларускія памежнікі суправаджаюць мігрантаў туды, дзе яшчэ няма агароджы

19.08.2022 08:15
 .
Ілюстрацыйнае фота.shutterstock.com/Radowitz

Беларускія памежнікі працягваюць спрыяць нелегальнай міграцыі ў Літву – яны суправаджаюць замежнікаў да месцаў, дзе яшчэ не ўсталяваная агроджа, заявілі ў Службе аховы дзяржмяжы Літвы.

«Дастаўляюць мігрантаў да дзяржаўнай мяжы, праводзяць іх да месцаў, дзе няма агароджы ці яе не будуць рабіць з-за прыродных умоў. Таксама дапамагаюць у пашкоджанні агароджы, каб прайсці ў Літву», – адзначаецца ў прэс-рэлізе Службы аховы дзяржмяжы Літвы.

Як заяўляе літоўскі афіцыйны бок, гэта пацвярджаецца і сведчаннямі саміх нелегальных мігрантаў. Па дадзеных памежнікаў, у Швенчэнскім раёне ў гэтыя выходныя былі затрыманыя чацвёра замежнікаў, якія распавялі, што да мяжы іх даставілі беларускія памежнікі – яны прывялі іх да дзяржмяжы і накіравалі ў Літву. У гэтым месцы з літоўскага боку яшчэ не завершаны работы па ўзвядзенні агароджы. Парушальнікі былі зафіксаваны сістэмамі назірання і затрыманы літоўскімі памежнікамі. Чатыры дарослыя мужчыны былі без дакументаў, назваліся грамадзянамі Афганістана. Іх не прапусцілі ў Літву, а вярнулі ў Беларусь.

У апошні час у Літву з Беларусі памежнікі не прапускаюць ад 30 да 90 нелегальных мігрантаў за суткі. З 3 жніўня мінулага года, калі Служба аховы дзяржмяжы Літвы атрымала права разварочваць нелегальных мігрантаў, у Літву з Беларусі не прапусцілі больш за 12,4 тыс. чалавек.

Паводле delfi.lt / вх