Беларуская Служба

Віцебскі аблвыканкам адмовіў праваабаронцу ў правядзенні пікета на старонцы ў сетцы Facebook

26.09.2022 20:03
Павел Левінаў хацеў размясціць на сваёй аватарцы нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг.
Facebook
Facebook geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Падачу незвычайнай заявы Павел Левінаў патлумачыў тым, што раней беларусаў каралі штрафамі і суткамі за размяшчэнне ў сеціве бела-чырвона-белага сцяга – міліцыянты лічылі гэта пікетам. Віцебскі праваабаронца паспрабаваў максімальна выканаць усе патрабаванні пры падачы заявы: ён вызначыў, што месцам правядзення будзе яго старонка ў сацыяльнай сетцы Facebook, пікетаваць праваабаронца збіраўся размяшчэннем бела-чырвона-белага сцяга на сваёй аватарцы. Так Павел Левінаў хацеў публічна выказацца пра «падзеі грамадска-палітычнага жыцця». У канцы пікетавання ён абяцаў «правесці прыбіранне на акаўнце».

Аднак Віцебскі аблвыканкам адмовіў у правядзенні пікета, палічыўшы, што заява аформлена з парушэннямі. Праваабаронца мае намер абскардзіць адмову ўладаў.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск