Беларуская Служба

Ціханоўская: Для дэмакратычнай Беларусі адчынілася вакно магчымасцяў, але патрэбная падтрымка

05.10.2022 16:15
– Для дэмакратычнай Беларусі адкрылася вакно магчымасцяў. Але нам патрэбная падтрымка, – заявіла лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская.
Liderka białoruskiej opozycji demokratycznej Swiatłana Cichanouska podczas Warsaw Security Forum 2022.
Liderka białoruskiej opozycji demokratycznej Swiatłana Cichanouska podczas Warsaw Security Forum 2022.Фота: PAP/Marcin Obara

У сераду лідарка дэмакратычнай апазіцыі Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у канферэнцыі Warsaw Security Forum, у панэлі, прысвечанай падтрымцы дэмакратызацыі Беларусі і абароне яе незалежнасці ад Расіі.

Лідарка беларускай апазіцыі заявіла, што дэмакратычныя пратэсты ў Беларусі летам 2020 года былі выкліканыя не сацыяльна-эканамічнымі праблемамі, а ўспыхнулі ў імя грамадзянскай годнасці і свабодаў.

«Тады беларусы рашуча выбралі сваю будучыню – свабоднай, еўрапейскай краіны. Аднак з дапамогай Уладзіміра Пуціна дыктатар сарваў гэты выбар, але гэтыя пратэсты напалохалі абодвух дыктатараў», – сказала яна.

Ціханоўская заявіла, што Аляксандру Лукашэнку не ўдалося разбурыць адзінства беларускага народа, якое ёсць і ў 2022 годзе, калі беларускі народ падтрымаў Украіну, на якую напала Расія.

«86 працэнтаў беларусаў супраць уцягвання Беларусі ў гэту вайну. Вы чулі пра беларускіх партызанаў, якія падрывалі чыгуначныя шляхі, па якіх ва Украіну ехала расійская ваенная тэхніка, многім з іх цяпер пагражае шматгадовае зняволенне, а некаторым і перспектыва смяротнага пакарання», – сказала Ціханоўская.

Яна выказала падтрымку беларускім добраахвотніцкім атрадам, якія змагаюцца за абарону Украіны, падкрэсліўшы, што цяпер яны ўдзельнічаюць у контрнаступленні, дапамагаючы Украіне вярнуць акупаваныя Расіяй тэрыторыі. «Мы ўсе разумеем, што змены на ўкраінскім фронце адкрываюць новыя магчымасці для Беларусі. Перамены на фронце ідуць вельмі хутка – таму дзейнічаць трэба хутка», – сказала Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская нагадала, што на фоне сфальсіфікаваных Лукашэнкам выбараў быў створаны «пераходны кабінет» з дэмакратычных палітыкаў. Яна запэўніла, што ён будзе дзейнічаць, пакуль у Беларусі не пройдуць свабодныя выбары.

«Мы ўспрымаем дэмакратычную Беларусь як ключавую частку еўрапейскай бяспекі. Мы будзем дзяржавай, якую цэняць за сяброўства з суседзямі, адказным удзельнікам сістэмы бяспекі, а не небяспечным воблакам, якое навісае над рэгіёнам», – сказала Ціханоўская.

Паводле яе ацэнкі, цяпер у дэмакратычнай Беларусі ёсць актыўвы, якіх не было ў 2020 годзе – адзінае грамадства, якое ўсё больш адчайваецца ад дзеянняў рэжыму і абураецца нападам Расіі на Украіну.

«Па-другое, у нас ёсць перспектывы эканамічнага калапсу рэжыму ва ўмовах санкцый. Па-трэцяе, у 2020 годзе мы не змаглі зламаць апарат бяспекі дыктатуры, але цяпер упершыню ў гісторыі ў нас падрыхтаваныя беларускія вайскоўцы, якія ваявалі ва Украіне, і як бачыце, Лукашэнка іх вельмі баіцца. Чацвёртае – у нас раскіданая і дэканцэнтраваная Расія, якая хутка прайграе вайну і не будзе падтрымліваць Лукашэнку грашыма і войскам, як у 2020 годзе. Пятае – у нас ёсць вопытнае і арганізаванае дэмакратычнае кіраўніцтва з шырокай кааліцыяй членаў», – пералічыла яна.

Беларусь з'яўляецца не толькі часткай праблемы, але і часткай рашэння.

«Цяпер у нас адкрылася акно магчымасцяў, цяпер трэба дзейнічаць. Мы пастаянна рыхтуемся, але без дапамогі не будзем гатовыя. Цяпер Беларусь павінна быць першай тэмай усіх міжнародных сустрэч разам з Украінай. Стала зразумела, што без свабоднай Беларусі не будзе бяспечнай Украіны і Еўропы. Беларусь з'яўляецца не толькі часткай праблемы, але і часткай рашэння», – сказала Ціханоўская, падзякаваўшы Польшчы, краінам Балтыі, Еўрасаюзу і ЗША за іх пастаянную падтрымку.

Лідарка дэмакратычных сілаў падкрэсліла, што дзякуючы зладжаным дзеянням Захаду, рэжым Лукашэнкі быў ізаляваны, аднавілася дзейнасць грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ.

«Але можна зрабіць больш. Па-першае – адрозніваць беларусаў ад рэжыму. Патрэбны двухбаковы падыход – пакараць дыктатара, але падтрымаць нацыю. Утрымаць беларусаў у еўрапейскай арбіце, умацаваць іх сувязі з астатняй Еўропай. Візавая забарона для беларусаў – не выйсце», – заявіла лідарка дэмакратычнай беларускай апазіцыі. Замест гэтага яна лічыць, што трэба закрыць магчымасць, праз якія Лукашэнка і Пуцін могуць абысці санкцыі.

Ціханоўская таксама звярнула ўвагу на неабходнасць распаўсюджвання перспектывы беларускай апазіцыі ў іншых частках свету. Паводле яе слоў, многія краіны па-за рэгіёнам не разумеюць сітуацыі ў Беларусі і ва Украіне. Яна настойвала на тым, што бяспечная Еўропа мае важнае значэнне для сусветнай бяспекі і што яна не можа быць бяспечнай з дзвюма «дзяржавамі-ізгоямі, якія пагражаюць ядзернай зброяй» у якасці суседзяў.

Яна падкрэсліла, што Беларусі таксама патрэбная падтрымка Украіны – напрыклад, у тым, каб паўднёвая мяжа Беларусі была бяспечнай мяжой.

Мы просім вас быць з намі. Не ў форме ўяўных "глыбокіх трывог", а рэальных дзеянняў, якія прынясуць вынік.

«Мы павінны працаваць разам, каб стварыць альянс дэмакратычнай Беларусі і Украіны. Мы просім Украіну наладзіць супрацоўніцтва з беларускім пераходным кабінетам», – заклікала Ціханоўская.

Яна падкрэсліла, што лёс Беларусі залежыць толькі ад беларусаў, але папрасіла падтрымкі. «Мы просім вас быць з намі. Не ў форме ўяўных "глыбокіх трывог", а рэальных дзеянняў, якія прынясуць вынік», – звярнулася яна да міжнароднай супольнасці.

PAP / Mikołaj Małecki / вх

Распачаўся 9-ы Варшаўскі форум бяспекі

04.10.2022 14:18
Удзельнікі абмяркоўваюць пытанні бяспекі, а таксама аспекты энергетычнай бяспекі і клімату.