Беларуская Служба

Беларусам і расіянам у Літве прапануюць адказаць на пытанне, чый Крым

08.12.2022 12:12
Інфармацыя, якую замежнік змесціць у анкеце, будзе мець вырашальнае значэнне для выдачы яму дазволу на пражыванне.
.
Ілюстрацыя. Паўвостраў Крымфота: By Relief map of Crimea.jpg: Виктор Вderivative work: Aotearoa - Relief map of Crimea.jpgUkraine. Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=31487319

У распараджэнні рэдакцыі выдання «Зеркало» з'явіўся апытальнік, які неабходна запаўняць расіянам і беларусам для атрымання нацыянальнай візы Літвы і ВНЖ гэтай краіны.

У анкеце просяць адказаць на пытанні аб адукацыі, папярэдніх месцах працы, службе ў войску, дзелавых сувязях, кантактах з дзяржустановамі краін НАТА і ЕС. Таксама пытаюць аб доступе да сакрэтнай інфармацыі і сувязях са службамі разведкі і бяспекі краіны паходжання ці іншай дзяржавы (акрамя Літвы).

Два пытанні анкеты датычаць расійскай агрэсіі ва Украіне. Заяўнікам неабходна адказаць на пытанне «Ці падтрымліваеце вы ваенныя дзеянні, якія праводзяцца Расійскай Федэрацыяй на тэрыторыі Украіны?», а таксама «На вашу думку, каму належыць Крым?».

Нагадаем, для грамадзян Расіі і Беларусі, якія жадаюць атрымаць від на жыхарства ў Літве ці нават нацыянальную візу, увялі новы від праверкі. Цяпер ім трэба запаўняць спецыяльную анкету з пытаннямі аб сваім мінулым і расказаць аб сваім стаўленні да расійскай агрэсіі ва Украіне.

Інфармацыя, якую замежнік змесціць у анкеце, будзе мець вырашальнае значэнне для выдачы яму дазволу на пражыванне, заявілі ў Дэпартаменце міграцыі Літвы. Калі ён адмовіцца ад запаўнення анкеты або запоўніць яе не поўнасцю, то спецыялісты Дэпартаменту міграцыі маюць права адмовіцца прымаць яго заяву. Калі ж дадзеныя акажуцца няпэўнымі або чалавек нешта прыхавае, яму будзе адмоўлена ў выдачы дакументаў, а калі ў яго ёсць дзеючы ВНЖ або нацыянальная віза, іх могуць неадкладна ануляваць.

Такое анкетаванне, на думку літоўскіх уладаў, стане дадатковым фільтрам бяспекі і дазволіць выяўляць замежнікаў, якія з прычыны сваёй мінулай дзейнасці або сувязяў з недэмакратычнымі рэжымамі могуць стаць пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы.

нг