Беларуская Служба

Беларусу, які ваяваў ва Украіне ў складзе расійскай ПВК, прысудзілі 10 гадоў турмы

30.01.2023 15:52
Гэта максімальны тэрмін, прадугледжаны ўкраінскім заканадаўствам за «ўдзел ў якасці найміта ва ўзброеным канфлікце, ваенных або гвалтоўных дзеяннях».
 .
Максім Зязюльчык.Фота: СБУ

Асуджанага завуць Максім Зязюльчык, ён ураджэнец Рудзенску Пухавіцкага раёна. Паведамляецца, што з ліпеня 2022 года ён ваяваў у складзе прыватнай ваеннай кампаніі «Рэдут», быў кулямётчыкам.

Паводле кантракту, ён мусіў атрымліваць 3 600 долараў у месяц.

Зязюльчык трапіў у палон летась у верасні падчас вызвалення УСУ Ліманскага раёна Данецкай вобласці.

На судовым пасяджэнні беларус заявіў, што прызнае сваю віну і шкадуе аб здзейсненых учынках.

Згодна з прысудам, акрамя 10-гадовага зняволення, Зязюльчык мусіць кампенсаваць 1372 грыўны (амаль 35 долараў), якія спатрэбіліся пры прывядзенні судовых экспертыз.

svaboda.org / вх