Беларуская Служба

Колькасць пакаранняў за рэпосты экстрэмісцкіх матэрыялаў на Віцебшчыне вырасла ў чатыры разы

30.01.2023 18:30
Такія дадзеныя прыводзіць Віцебская абласная пракуратура.
Ілюстрацыйны здымакфота: ilikeyellow/shutterstock

Так калі ў 2021 годзе па артыкуле 19.11 КААП было асуджана 58 чалавек, то ў 2022 годзе ўжо 232 чалавекі. Пракурор Антон Васілевіч падкрэслівае, што падставай для адміністрацыйнай справы можа быць не толькі перадрук нейкага тэксту або відэа з крыніцы, занесенай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, але нават «лайк» пад рэпостам. Работнік пракуратуры расцэньвае такія «віды публічнага адабрэння» як намер распаўсюдзіць інфармацыю для больш шырокага кола асобаў.

Пры гэтым супрацоўнік пракуратуры знайшоў вельмі арыгінальны спосаб вызначаць, з’яўляецца той ці іншы матэрыял «небяспечным».

Паводле Антона Васілевіча, зусім не абавязкова звярацца з афіцыйным спісам экстрэмісцкіх матэрыялаў. Маўляў, дастаткова «уключыць логіку і розум» ды прааналізаваць, ці ўтрымлівае тэкст або відэа інфармацыю, якая «абражае Беларусь, кіраўніцтва краіны, супрацоўнікаў праваахоўных органаў».

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск