Беларуская Служба

Арцём Міцук даслаў з калоніі ліст, у якім падзяліўся сваімі думкамі пра беларусаў і беларускасць

05.02.2023 10:02
«У рабаўнікоў няма нічога, акрамя згоды іх ахвяр. Іх моц прама прапарцыйная страху людзей».
.
.shutterstock/Fanni_2021

Палітвязень Арцём Міцук даслаў з калоніі ў Магілёве ліст на волю, у якім падзяліўся сваімі думкамі пра беларусаў і беларускасць. Ён апублікаваны на старонцы ў Фэйсбуку «Лісты салідарнасці» і датаваны 8 снежня мінулага года, паведамляе «Наша Ніва».

Арцём піша:

«Заўсёды ўсё залежыць ад чалавека. У рабаўнікоў няма нічога, акрамя згоды іх ахвяр. Іх моц прама прапарцыйная страху людзей. Толькі ў гэтым уся іх «магутнасць». Зараз гэта бачна, як ніколі дагэтуль у гісторыі.

Але наўрад ці гэта думка стане папулярнай, бо патрабуе ад кожнага поўнай адказнасці за сябе і жыццё, аніякага шкадавання да сябе, поўнай рацыянальнай адказнасці за сябе, за свае ўчынкі і памылкі. Такога я яшчэ не сустракаў. Патрыятызм, як і ўсё ў асобе, павінен быць рацыянальным.

Я бачу свой асабісты патрыятызм у тым, каб пераадолець цячэнне ўсіх гэтых стагоддзяў, падчас якіх вынішчалася ўсё, падчас якіх фармаваўся гэты брыдкі вобраз беларуса як пакорнага, з нараджэння скоранага чалавека, з якім можа рабіць, што пажадае, першы нападнік-бандыт.

Беларус – гэта Касцюшка, Казімір Лышчынскі, Каліноўскі, Міцкевіч, Багдановіч, Купала, Колас, Быкаў, Алексіевіч, усе тыя, хто мае гонар і не поўзае перад катамі і бандытамі».

Арцёма Міцука затрымалі 9 кастрычніка 2020 года, ён быў фігурантам крымінальнай справы аб удзеле ў «масавых беспарадках» у Мінску 10–12 жніўня.

19 ліпеня 2021 года яго асудзілі да васьмі гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, з канца 2021-га знаходзіцца ў магілёўскай ПК №15.
яс