Беларуская Служба

Інтэрнэт рэчаў – гэта нашая будучыня

11.07.2019 15:47
У рэйтынгу Індэксу лічбавай гаспадаркі і лічбавага грамадства DESI за 2019 г Польшча заняла 25 месца сярод 28 каін ЕС.
Аўдыё
  • У рэйтынгу Індэксу лічбавай гаспадаркі і лічбавага грамадства DESI за 2019 г Польшча заняла 25 месца сярод 28 каін ЕС.

Польшча імкнецца прыспешыць пашырэнне Інтэрнэту рэчаў. Гэтым пытаннем займаецца Міністэрства лічбавання. Нядаўна ведамства апублікавала даклад адносна бар’ераў, якія замінаюць пашырэнне гэтай тэхналогіі. Найперш гэта юрыдычныя правілы. У дакуменце пералічаюць іх 54.

Што гэта Інтэрнэт рэчаў, тлумачыць эксперт часопіса «Polityka» Адам Гжэшак (Adam Grzeszak).

«Інтэрнэт рэчаў – гэта нашая будучыня, якая будзе абапірацца на гэтак званых інтэлігентных вырашэннях, калі разнастайная тэхніка нашага будзённага жыцця будзе паміж сабою кантактавацца, зрэшты, яна ўжо кантактуецца. Напрыклад, у вялікіх гарадах папулярная сістэма пракату самакатаў выкарыстоўвае Інтэрнэт рэчаў. Самакат знаходзіцца пад пастаянным наглядам сістэмы, якая ведае, што з гэтай прыладай адбываецца, дзе яна знаходзіцца, хто ёю карыстаецца, можна яе забраніраваць. Паводле таго ж прынцыпу працуе сістэма «Аўтамабіль на пахвілінны пракат». Гэта было б немагчымым без сотавай сеткі, і модуляў, якія звязваюцца паміж сабою. Магчымасці гэтай тэхналогіі неабмежаваныя. У любой галіне Інтэрнэт рэчаў можа быць выкарыстаны».

Справаздача адносна Інтэрнэту рэчаў у Польшчы ўказвае 9 сектараў, такіх як інтэлігентны горад, энергетычная інфраструктура і лічыльнікі, ахова здароўя, сельская гаспадарка, фінансы і страхаванне, у якіх сучасныя тэхналогіі могуць выдатна развівацца. Паводле аўтараў дакументу, у бліжэйшыя гады гэты рынак павінен пашырацца на 13% штогод.

Міністр лічбавання Марэк Загурскі (Marek Zagórski) падкрэслівае, што справаздача, падрыхтаваная экспертамі, прадпрымальнікамі і навуковымі даследчыкамі, будзе падтрымкай для дынамічнага развіцця краіны.

«Інтэрнэт рэчаў плюс Штучны інтэлект, плюс 5G з'яўляюцца сукупнасцю тэхналогій, якая прасуне польскую гаспадарку наперад».

 Дырэктар дэпартаменту па праўленні персанальнымі дадзенымі Міністэрства лічбавання Мацей Кавэцкі адзначыў, што ў дакуменце пазначаныя сектары, якія ў некаторай ступені тармозяць развіццё інавацый у Польшчы. 

"Мы вылучылі 54 юрыдычныя бар’еры, якія неабходна ліквідаваць, каб Інтэрнэт рэчаў, інавацыі, якія ідуць у напрамку інтэлігентнага гораду, развіваліся больш дынамічна. Гэта, напрыклад, бар’еры, звязаныя з аховай навакольнага асяроддзя, публічныя тэндары, сістэма сертыфікацыі, сістэма вывазу смецця, і гд."

Кавэцкі ў якасці прыкладу прыводзіць збор смецця. Ён кажа, што датчыкі ў кантэйнерах павінны паведамляць у базу, што ён запоўнены. Уборка смецця павінна ажыццяўляцца менавіта паводле гэтай інфармацыі. Аднак цяпер гэта немагчыма, таму што, паводле законаў, уборка смецця адбываецца па графіку ў пазначаныя дні – нягледзячы на тое, ці кантэйнеры запоўненыя, ці пустыя.

У дакладзе пра Інтэрнэт рэчаў падкрэсліваецца таксама невялікая грамадская свядомасць у Польшчы пра карысці, якія нясуць з сабой новыя тэхналогіі. У дакуменце гаворыцца таксама аб неабходнасці папулярызацыі інавацый сярод насельніцтва.

У Польшчы ёсць праекты, звязаныя з Інтэрнэтам рэчаў, якімі можна пахваліцца. Гэта, між іншым кампанія Estimote, якая зʼяўляецца сусветным лідарам па пастаўках beaconаў – невялікіх бяспровадных прыладаў, дзякуючы якім смартфоны атрымліваюць карысную інфармацыю. Гэтыя прылады выкарыстоўваюцца ў Музеі Саламона Гугенхайма ў Нью-Ёрку і на стадыёне Camp Nou у Барсэлоне. Зараз кампанія 95% праектаў ажыццяўляе за мяжой – у ЗША, Канадзе, Аўстраліі ці Японіі.

Іншы хіт Інтэрнэту рэчаў - гэта электронны медыцынскі бранзалет Sidly, які збірае важную інфармацыю пра стан здароўя пацыента, і перадае яе лекару.

У свеце Інтэрнэт рэчаў выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы – сельскагаспадарчая тэхніка John Deere збірае дадзеныя, на аснове якіх вызначае аптымальны ўзровень вільготнасці або ўгнаення.

IBM распрацоўвае мікраробат, які будзе маніторыць чысціню вады ў моры. На фермах у ЗША датчыкі на аснове аналізу таго, як рухаецца паасобная жывёліна, ацэньваюць яе стан здароўя і даюць лекі, калі зʼявіцца такая неабходнасць, замест таго, каб даваць лекі прафілактычна.

яс

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка