Беларуская Служба

Амерыканцы зацікаўленыя ў будаўніцтвe АЭС у Польшчы

18.11.2019 12:14
Сёння ў Варшаве праходзіць Польска-амерыканскі форум па ядзернай прамысловасці.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: slightly_different/pixabay.com/CC0 Public Domain

Амерыканскія кампаніі зацікаўленыя ўдзелам у будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Польшчы. Пра гэта падчас Польска-амерыканскага форума па ядзернай прамысловасці гаварылі сёння прадстаўнікі ўрада ЗША.

Навукоўцы і прадпрымальнікі з абедзвюх краін размаўляюць у Варшаве аб магчымай амерыканскай падтрымцы будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Польшчы.

Тэадор Гарыш з Дэпартамента энергетыкі ЗША заявіў, што амерыканскія кампаніі могуць аказаць Польшчы ключавую падтрымку.

- Пры падтрымцы нашых кампаній мы можам дапамагчы Польшчы будаваць патэнцыял. Патэнцыял, неабходны для рэалізацыі гэтага праекта. У нас таксама нарматыўны вопыт, як зрабіць гэта максімальна эфектыўна і бяспечна.

Польшча плануе пачаць вытвараць энергію з атаму да 2033 году. У гэтым часе ў краіне павінен быць уведзены ў строй першы энергаблок. Да 2040 году плануецца будаўніцтва агулам шасці блокаў, якія павінны вытвараць адну пятую ўнутранага попыту на энергію.

Намеснік міністра энергетыкі Томаш Дамброўскі (Tomasz Dąbrowski) падкрэслівае, што пакуль яшчэ не вядома, які будзе памер укладу амерыканскіх кампаніяў.

- Пакуль не былі прынятыя ніякія канчатковыя рашэнні адносна тэхналогіі. Мэта сённяшняга форуму – магчымасць наладжвання кантактаў, перш за ўсё, паміж польскімі кампаніямі – патэнцыйнымі ўдзельнікамі праекту, якіх цяпер каля 300.

Пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Польшчы ўлічваюцца два магчымыя месцы - Лубятова-Капаліна (Lubiatowo-Kopalino) і Жарновец (Żarnowiec) - абодва на поўначы краіны.

Нагадваем, Польшча і ЗША з мінулага года падпісалі шэраг пагадненняў аб супрацоўніцтве пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Польшчы.

аз