Беларуская Служба

Марыюш Блашчак: войскі тэрытарыяльнай абароны развіваюцца вельмі дынамічна

21.11.2019 17:23
Ля Варшавы адбылася сустрэча камандуючых фарміраванняў тэрытарыяльнай абароны з 14 краін Еўропы і свету.
                  .
Абарона ад гібрыдных і традыцыйных пагроз была адной з тэм сустрэчы Еўрапейскай ініцыятывы рэгіянальнага супрацоўніцтва ў сферы тэрытарыяльнай абароны. PAP/Leszek Szymański

Абарона ад гібрыдных і традыцыйных пагроз была адной з тэм сустрэчы Еўрапейскай ініцыятывы рэгіянальнага супрацоўніцтва ў сферы тэрытарыяльнай абароны. У гарадку Зегжэ (Zegrze) ля Варшавы адбылася сустрэча камандуючых фарміраванняў тэрытарыяльнай абароны з 14 краін Еўропы і свету.

Галоўнакамандуючы сіл тэрытарыяльнай абароны дывізійны генерал (генерал- лейтэнант паводле беларускай наменклатуры) Веслаў Кукула (Wiesław Kukła) падкрэсліў, што абмен вопытам з'яўляецца асабліва важным для саюзных армій.

- Гэткім фарміраванням, у якіх у нашай частцы Еўропы служыць амаль 300 тысяч жаўнераў, неабходная платформа для абмену досведам. Гэта тым больш важнае, што ўсё больш краінаў вырашае стварыць гэткія войскі.

У сваю чаргу міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак заявіў, што новае фарміраванне ў польскай арміі актыўна дзейнічае таксама ў мірны час.

- Войскі тэрытарыяльнай абароны справіліся, напрыклад, дапамагаючы жыхарам, якія пацярпелі ад паводкі альбо ўраганаў на паўднёвым усходзе Польшчы. Жаўнеры войскаў тэрытарыяльнай абароны выдатна здалі гэты экзамен, калі гаворка ідзе пра дапамогу грамадзянам, якія пацярпелі ад стыхійных бедстваў.

Міністр дадаў, што сілы тэрытарыяльнай абароны ў Польшчы развіваюцца вельмі дынамічна. У іх, паводле міністра, служыць ужо 23 тысячы жаўнераў.

Сустрэча Еўрапейскай ініцыятывы рэгіянальнага супрацоўніцтва ў сферы тэрытарыяльнай абароны арганізаваная другі раз. Сёлета форум пашырыўся на прадстаўнікоў фарміраванняў тэрытарыяльнай абароны з Грузіі і Швейцарыі. У наступным годзе сустрэча адбудзецца ў Венгрыі.

аз