Беларуская Служба

Польшча просіць Расію вярнуць вывезеныя творы мастацтва

21.01.2020 10:51
Польшча не згаджаецца, каб прызнаць іх кампенсацыяй за ваенныя страты РФ, у чым пераконвае расійсік бок.
Сцяг Польшчыsatynek/pixabay.com/CC0

Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы скіравала да Расійскай Федэрацыі 20 просьбаў аб рэстытуцыі. Гаворка ідзе пра польскія творы мастацтва і архівы, якія былі вывезеныя падчас Другой сусьветнай вайны ці адразу пасля яе завяршэння.

Складзеныя дакументы тычацца 17 мастацкіх твораў, калекцыі больш за 14 тысяч нумізматаў, больш за 11 тысяч архіўных адзінак і 58 прадметаў з тэрыторыі былога канцлагеру Аўшвіц-Біркенаў. Паводле міністэрства, іх нельга лічыць кампенсацыяй за ваенныя страты Савецкага Саюзу. У ходзе падрыхтоўкі знаходзяцца яшчэ сем камплектаў дакументаў.

Намеснік дырэктара Цэнтра польска-расійскага дыялогу і паразумення Лукаш Адамскі гаворыць, што пазіцыя Міністэрства культуры мае праўнае значэнне і павінна закранацца ў польска-расійскіх стасунках:

- Калі Польшча не будзе падкрэсліваць сваіх правоў да ўласнасці прадметаў, якія знаходзяцца ў Расіі, то расійцы праўна могуць сцвердзіць, што яны сталі ўладальнікамі, бо Польшча ніколі не мела прэтэнзій.

Творы мастацтва і архіўныя матэрыялы з польскай тэрыторыі былі вывезеныя падчас акупацыі Савецкім Саюзам усходніх ваяводстваў Польшчы ў 1939-41 і 1944-45 гадах, калі і Польшча, і СССР былі чальцамі антыгітлераўскай кааліцыі.

Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны выразна падкрэсліла, што Польшча не згаджаецца, каб прызнаць іх кампенсацыяй за ваенныя страты РФ, у чым пераконвае расійсік бок.

ав