Беларуская Служба

Палякі ўпершыню адзначаюць Дзень польскай навукі

19.02.2020 08:58
У якасці даты выбралі 19 лютага – дзень нараджэння Мікалая Каперніка, у знак прызнання яго выдатных заслуг у астраноміі.
zdj. ilustracyjne
zdj. ilustracyjne Danny Ye/Shutterstock

Свята было зацверджана законам ад 9 студзеня 2020 года, які 3 лютага падпісаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Мэта Дня польскай навукі – выказванне ўдзячнасці за дасягненні польскіх навукоўцаў, а таксама заахвочванне маладых людзей рухацца па слядах выбітных польскіх даследчыкаў. У якасці даты выбралі 19 лютага – дзень нараджэння Мікалая Каперніка, у знак прызнання яго выдатных заслуг у астраноміі.

Першыя ўрачыстасці з нагоды Дня польскай навукі пройдуць у Торуні. Іх увянчае ўручэнне віцэ-прэм'ерам, міністрам вышэйшай адукацыі і навукі Польшчы Яраславам Говіным прэміі навукоўцам. У гэтым годзе прэмʼер-міністр прысудзіў 45 прэміяў за выдатныя доктарскія дысертацыі і дасягненні ў галіне навуковай дзейнасці. У сваю чаргу міністр навукі сёлета прызначыў 88 прэміяў у пяці катэгорыях: за навуковыя дасягненні, за ўкараненне, за арганізацыйныя дасягненні, выкладчыцкія дасягненні і найважнейшыя – за ўсю навуковую дзейнасць. Узнагароды міністра атрымаюць як асобныя навукоўцы, так і даследчыя калектывы.

Законапраект аб заснаванні Дня польскай навукі ўнесла група дэпутатаў кіроўнай партыі «Права і справядлівасць». У прэамбуле заканадаўцы падкрэслілі, што Сейм выступае з ініцыятывай «прызнаць дасягненні польскіх навукоўцаў, іх імкненне даведацца праўду і перадаць веды наступным пакаленням, а таксама прызнаць фундаментальную ролю навукі ў стварэнні цывілізацыі».

PR24/эж