Беларуская Служба

Варшаўская паліцыя запатрабуе кампенсацыю ў камунальнікаў за смерць сабак

28.02.2020 10:52
Загінулыя жывёлы не былі звычайнымі патрульнымі сабакамі. Іх нос ня раз вырашаў аб выніках следства.
Ілюстрацыйны здымакPixabay.com/LUM3N/CC0 Creative commons

Варшаўская паліцыя будзе патрабаваць кампенсацыю за трагічную смерць паліцэйскіх сабак у выніку аварыі цепламагістралі ў сталіцы Польшчы. У часе аварыі, што здарылася тыдзень таму, загінулі шэсць сабак, якія былі спецыяльна падрыхтаванымі партнёрамі паліцэйскіх.

Прэс-сакратар Сталічнай камендатуры паліцыі Сыльвэстар Марчак заявіў, што падчас сустрэчы з прадстаўнікамі энергетычнай кампаніі Veolia Warszawa, у распараджэнні якой знаходзіцца цеплавая сетка, будзе пастаўлена пытанне пра памер кампенсацыі – не толькі за жывёлу, але таксама за неабходны рамонт памяшканняў, у якіх яны знаходзіліся.

Па словах Марчака, загінулыя жывёлы не былі звычайнымі патрульнымі сабакамі. Іх нос ня раз вырашаў аб выніках следства. «Над адной са спраў працавалі чатыры сабакі. Калі сказаць, што гэта была спецыфічная справа, то не сказаць нічога. Следства датычыць забойства. Дзякуючы нашым сабакам было падрыхтавана абвінавачанне фігурантам. Гэта надзвычайнае здарэнне, нават у еўрапейскім маштабе», – адзначыў паліцэйскі.

Польскае агенцтва друку/нг