Беларуская Служба

Вечарам у Польшчу прыбудуць першыя салдаты і баявая тэхніка з ЗША на вайсковыя манеўры

28.02.2020 15:08
DEFENDER-Europe 2020 – гэта самыя буйныя ў Еўропе ваенныя манеўры з удзелам амерыканскіх узброеных сілаў.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/ Niyazz

Сёння вечарам на тэрыторыю Польшчы прыбудуць першыя калоны салдат і баявой тэхнікі са Злучаных Штатаў Амерыкі на вайсковыя манеўры DEFENDER-Europe 20. Колавыя цягачы ды іншая тэхніка накіруецца на ваенны палігон у мясцовасці Драўска Паморскае.

У бліжэйшыя дні на польскую тэрыторыю праз КПП Калбаскова і Свецка прыбудуць чарговыя калоны жаўнераў і ваеннай тэхнікі. Іх праезд наладжаны такім чынам, каб ён не выклікаў вялікіх перашкодаў у руху аўтамабіляў.

У сувязі з манеўрамі прэзідэнт Анджэй Дуда ладзіць нараду з удзелам міністра нацыянальнай абароны Марыюша Блашчака. У Прэзідэнцкі палац запрошаныя таксама камандзіры розных відаў узброеных сілаў, якія дакладуць прэзідэнту пра падрыхтоўку да правядзення міжнародных вучэнняў.

DEFENDER-Europe 2020 – гэта самыя буйныя ў Еўропе ваенныя манеўры з удзелам амерыканскіх узброеных сілаў. Агулам у Польшчу прыбудзе каля 20 тыс. амерыканскіх салдат. Манеўры пройдуць пад канец сакавіка – на пачатку красавіка.


ІАР ПР/нг